Гвалт мае сістэмны характар. Новае даследаванне катаванняў палітвязняў у Беларусі
Прэс-канферэнцыя ў Вільнюсе з вызваленымі напярэдадні палітычнымі вязнямі 12 верасня 2025 года / LookByMedia
У навуковым часопісе Torture выйшла першае сістэмнае даследаванне катаванняў і жорсткага абыходжання з беларускімі палітвязнямі пасля 2020 года. Яго аўтарамі сталі праваабаронца Марына Касінерава, псіхіятры Уладзімір Пікірэня, Юлія Лагвіненка і Андрэас Мэркер. Яны апыталі 77 былых зняволеных, якія пасля вызвалення выехалі з Беларусі.
Паводле артыкула, асноўная частка палітзняволеных (85,7%) расказалі пра фізічны або псіхалагічны гвалт, з якім яны ўжо сутыкнуліся падчас затрымання. У месцах зняволення фізічны гвалт напаткаў 88,3% апытаных. Найбольш часта былыя палітвязні згадвалі прымусовае распрананне і іншыя прыніжальныя працэдуры (72,1%), прымусовыя позы (50%), а таксама збіццё (44,1%).
Яшчэ больш распаўсюджаным аказаўся псіхалагічны ціск: з ім сутыкнуліся 98,6% апытаных. Больш за палову — 54,8% — перажылі дзесяць і больш розных формаў такога ўздзеяння.
Сярод іх — пастаянна ўключанае святло ў камерах, экстрэмальны холад ці спякота, адмова ў медыцынскай дапамозе, абразы, пазбаўленне сну і інфармацыйная ізаляцыя.
Болей за палову (52,1%) былых палітвязняў змяшчалі ў карцар або ШІЗА. Траціна (30,1%) мела падчас зняволення суіцыдальныя думкі. У меншай ступені (12,3%) учынялі самакалечанні. Чатыры рэспандэнты паведамілі пра спробы суіцыду.
Пры гэтым галоўнымі крыніцамі стрэсу апытаныя называлі не фізічныя катаванні. Для 74% пацярпелых найбольш цяжкімі былі немагчымасць убачыцца з роднымі і самотнасць, а таксама пастаяннае прыніжэнне і ізаляцыя (58,9% апытаных).
Даследчыкі высветлілі, як самі былыя палітвязні бачылі мэту такога гвалту. Асноўная большасць вязняў (81,9%) назвалі прыніжэнне чалавечай годнасці, а таксама 80,6% апытаных — падаўленне асобы. Для параўнання, выбіванне прызнанняў або інфармацыі адзначылі 58,3% рэспандэнтаў.
Аўтары даследавання прыходзяць да высновы, што гвалт у беларускіх месцах зняволення мае сістэмны характар і выкарыстоўваецца не толькі для атрымання інфармацыі, але і для пазбаўлення чалавека аўтаноміі ды падаўлення яго асобы.