У Оршы знік мурал, намаляваны да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча
Дом, дзе быў мурал з партрэтам Караткевіча / "Віцебская Вясна"
У Оршы знік мурал, намаляваны да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча, заўважыла "Віцебская Вясна". Ён быў створаны мясцовым мастаком Дзмітрыем Талкачовым на тарцы дома №2 па вуліцы Марата — недалёка ад дома самога класіка беларускай літаратуры.
Гэта была адна з гарадскіх адметнасцяў, звязаная з імем пісьменніка-земляка. На выяве быў партрэт славутага пісьменніка і фрагменты ягоных рукапісаў з малюнкамі, у тым ліку рукапіс верша "Оршы", прысвечанага роднаму гораду. Мурал урачыста адкрылі на 90-я ўгодкі Караткевіча ў лістападзе 2020 года.
Але цяпер дом з муралам паставілі на так званую "рэнавацыю": у ім уцяпляюць сцены. У выніку партрэт Караткевіча знік пад накладнымі будматэрыяламі. Ці адновяць мурал пасля рамонту — невядома.