“Вау-эфект”? Чым скончылася гучная палітычная “гульня Мацкевіча”
Уладзімір Мацкевіч разыграў уласную партыю / Euroradio via Chat GPT
2 траўня 2026 года завяршылася арганізацыйна-дзейнасная гульня (АДГ), ініцыяваная філосафам і метадолагам Уладзімірам Мацкевічам. Чаго толькі не казалі пра яе да пачатку: і што яе аплачваюць украінцы, і што вынік (стратэгія развіцця дэмсіл) замоўлены загадзя. І нават што Мацкевіча наняў Віктар Бабарыка — каб за кошт удзельнікаў папоўніць каманду і бустануць сваё вяртанне ў вялікую палітыку.
У выніку каля 60 прадстаўнікоў розных палітычных груп: бізнесоўцы, грамадскія актывісты, вайскоўцы і іншыя — на працягу пяці дзён працавалі ў экстрэмальным рэжыме — па 10 гадзін у суткі, з кароткімі перапынкамі. Падчас якіх абмеркаванні, уласна, не спыняліся. “Гульня” аказалася інтэлектуальным і псіхалагічным марафонам, куды больш складаным за звычайную палітычную канферэнцыю.
Еўрарадыё паразмаўляла з удзельнікамі “гульні Мацкевіча” і дзеліцца іх першымі ўражаннямі ад падзеі.
“У мяне проста знік шэраг стэрэатыпаў”
Шмат хто ехаў на гульню пад Кракаў са скепсісам ці наогул без канкрэтных спадзяванняў. Палітычны блогер Аляксандр Кныровіч прызнаўся, што не меў інфармацыі, на якой мог бы базіраваць чаканні, і паехаў толькі па рэкамендацыі палітолага і свайго былога паплечніка па фракцыі ў Каардынацыйнай радзе Андрэя Ягорава.
Палітычны актывіст, прадстаўнік лагера “бабарыкінцаў” Іван Краўцоў, наадварот, ехаў з нізкімі чаканнямі адносна стратэгічнага зместу. Але кажа, што выкарыстаў гульню для праверкі філасофскіх тэорый.
Для прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета Вадзіма Кабанчука гульня стала спосабам пазбавіцца ад перадузятасці “да некаторых асоб”. “На працягу гэтай гульні ў мяне проста знік шэраг стэрэатыпаў”, — падкрэслівае чалец АПК па пытаннях бяспекі.
Экспертка па палітычнай камунікацыі Настасся Касцюгова і грамадская актывістка Станіслава Цярэнцьева адзначылі, што вынік перасягнуў іх першапачаткова нізкія чаканні. Хаця, забягаючы наперад, ніхто з удзельнікаў гульні не змог прапанаваць агульную стратэгію, якая б задаволіла ўсіх.
“Ніякага адзінага прадукту ў нас не стварылася... Я не думаю, што яна [стратэгія. — Еўрарадыё] калі-небудзь будзе, — кажа Станіслава Цярэнцьева. — Але, магчыма, гэта і нядрэнна, калі мы можам узгадняць нашы планы і стратэгіі”.
Аляксандр Кныровіч пацвярджае, што казаць пра дамоўленасці можна толькі пры наяўнасці падпісанага дакумента, якога пакуль не існуе.
Тым не менш, шмат хто з апытаных лічаць, што атрымалася “чэкнуць” рэальнасць і ўзгадніць агульныя тэзісы: неабходнасць дээскалацыі ўнутры Беларусі і на прасторы постсавецкага рэгіёна, зняцце напружання ў грамадстве і патрэба ў нацыянальным дыялогу.
Магчымае перафармаціраванне беларускіх дэмсіл
Зрэшты, прагучала ў адрас падзеі і крытыка. Яна звязана з самім метадам АДГ, які прадугледжваў інтэнсіўную працу пры жорсткай мадэрацыі з боку “майстра гульні”.
Удзельнікі скардзіліся на недахоп сну і амаль поўную адсутнасць вольнага часу. Але, акрамя фізічнай стомы, прыгнятала і спецыфічная атмасфера. Станіслава Цярэнцьева абазначыла яе як “гвалтоўную камунікацыю”, калі ўдзельнікі літаральна крычалі адно на аднога.
Такія выпадкі пацвярджае і Кныровіч, які і сам стаў удзельнікам публічнай перапалкі. Хаця і назваў яе “прадуктыўнай”, бо спрэчка тычылася сэнсаў, а не абмеркавання асоб.
Хаця сярод тых, хто прыехаў на гульню, былі прадстаўнікі і Каардынацыйнай рады, і Аб’яднанага пераходнага кабінета, і Офіса Святланы Ціханоўскай, некаторых удзельнікаў засмуціла адсутнасць ключавых фігур, такіх як уласна Ціханоўская ці Павел Латушка. Гэта, на іх думку, рабіла карціну палітычнага поля фрагментарнай і пазбаўляла веры ў тое, што людзі могуць дамовіцца тут і цяпер.
З пазітыўнага — гульня дала магчымасць дасягнуць глыбокага ўзаемаразумення і даверу паміж удзельнікамі праз працяглыя размовы, якія б былі немагчымымі ў звычайным жыцці.
Так, Вадзім Кабанчук адзначыў магчымасць канструктыўна паразмаўляць з людзьмі, з якімі ў іншых абставінах ён не стаў бы сустракацца. А Настасся Касцюгова звярнула ўвагу на эфект “адзінства і сінхранізацыі”, а таксама на тое, што некаторыя групы працягваюць сумесную працу нават пасля завяршэння гульні.
Выкладчык і бізнесмен Дзяніс Герасімчык фармулюе сваё агульнае ўражанне як “вау-эфект”, падкрэсліваючы карысць ад злучэння разумовай і эмацыйнай дзейнасці.
Нягледзячы на інтэнсіўныя знаёмствы, большасць апытаных заклікалі не лічыць гульню проста нэтворкінг-сесіяй. Цярэнцьева патлумачыла, што гэта значна глыбейшы працэс, дзе людзі вымушаны мяняць свае ўнутраныя “рамкі дапушчальнага” дзеля супольнай працы.
Апісваючы стан дэмсіл праз прызму гульні, Іван Краўцоў сфармуляваў жорсткую стратэгему: “не мы, не тут, не цяпер”, што адлюстроўвае цяжкасць аб'ектывацыі палітычных мар у цяперашняй прасторы.
Аляксандр Кныровіч лічыць, што наступствы гульні стануць бачнымі праз некалькі месяцаў. Ён таямніча прагназуе “некаторае перафармаціраванне нашых дэмакратычных структур і ўвядзенне ў публічную прастору новых наратываў”.
Сапраўды, стане “кракаўская гульня” кропкай зборкі для новай палітычнай рэальнасці беларускай дэмсупольнасці ці застанецца чарговым герметычным эксперыментам аматараў плыні “метадалогіі” — пабачым неўзабаве.