Статкевіч атрымаў пастанову суда, што яго старонку ў Фэйсбуку прызналі "экстрэмісцкай"
Мікалай Статкевіч
Старонка Мікалая Статкевіча ў Фэйсбуку прызнаная "экстрэмісцкімі матэрыяламі". Адпаведнае рашэнне вынес 23 красавіка Ленінскі раённы суд Гродна, піша палітык у сваім тг-канале.
Статкевіч кажа, што акаўнтам ён не карыстаўся пасля свайго арышту ў 2020 годзе.
"Заўважце, я не карыстаўся гэтым акаўнтам амаль 6 гадоў. І ўсе гэтыя гады ён экстрэмісцкім не быў. Але тое, што ён такім абавязкова стане пасля майго "ўмоўнага" вызвалення, я не сумняваўся. Не стаў нават рабіць спробы аднавіць яго, бо паролі згубіліся, а аднавіць іх праз візуалізацыю было праблемна з-за маей дастаткова кардынальнай візуальнай змены. Таму не стаў траціць час на гэта".
Палітык кажа, што гэты акаўнт ён завёў пасля выхаду на волю ў 2015 годзе і выкарыстоўваў пераважна для анонсаў масавых акцый і асвятлення іх вынікаў.
"Па сутнасці, я вешаў у акаўнце аб'яву з інфармацыяй пра акцыю, да пачатку мерапрыемства "ахоўваў" гэтую аб'яву ад троляў, а потым даваў інфармацыю пра вынікі акцыі. У першыя гады апошняга зняволення, калі яшчэ даходзілі лісты з волі, мне пісалі некаторыя людзі і прасілі прабачэння за крытыку мяне ў сацыяльных сетках, бо як яны лічылі цяпер, гэта крытыка не была слушнай. Гэта вы даруйце, сябры! Справа ў тым, што я не бачыў вашай крытыкі, бо ніколі не чытаў стужкі ў сацыяльных сетках — у мяне проста не было на гэта часу".
Пасля апошняга выхаду з-за кратаў Статкевіч завёў тэлеграм-канал, які і стаў асноўным рупарам ягоных думак.