У фільме "Д'ябал носіць Prada — 2" знялася беларуска
Ганна Трубачова / фота з яе старонкі ў Фэйсбуку
Днямі на шырокі экран выйшаў фільм "Д'ябал носіць Prada — 2". Поруч з Мэрыл Стрып у ім грае беларуска Ганна Трубачова.
Гэта былая беларуская журналістка, якая ўжо дзесяць гадоў жыве ў ЗША. Часам яна здымаецца ў масоўцы ў кіно, пра што расказвае ў Фэйсбуку. Атрымаць заўважную ролю ёй дапамог уласны нестандартны імідж.
Трубачова піша, што на здымкі яна прыехала ў сваім касцюме, у якім былі аксаміт, скура і пёры. Гэты вобраз уразіў касцюмераў, і яны далі ёй для здымак сукенку, якая не пасавала нікому іншаму.
"Але вось я ўваходжу на прымерку, мне выдаюць тую самую дызайнерскую сукенку, якая, клянуся Богам, сапраўды ні на каго больш не села б, не толькі таму што трэба быць вельмі высокай і тонкай, але таксама харызматычнай — не ўсякі яшчэ выцягне, як тут кажуць: чорнае да падлогі з даўжэзным "хвастом", каўнер — воранава пяро, а між кавалачкаў, з якіх пашыта сукенка, праглядае мая белая скура. Прыбраная, выходжу і тут жа пачынаю глядзець пагардліва, а ўсіх нязгодных са мной пераварочваць у жаб. "Як быццам нарадзілася ў гэтай сукенцы", — паведамляю касцюмерам", — апавядае Трубачова.
У выніку яе запісалі як прафсаюзную акторку на ролю "вядомая актрыса №61", хаця яна і не ўваходзіць у прафсаюз актораў кінамасоўкі.
Беларуска атрымала чэк з вялікай сумай. Яна кажа, пасля яго ніколі ў жыцці не заікнецца, што 16‑гадзінная змена можа стамляць. Агент Трубачовай напісаў, што за яе падалі ўжо прашэнне на ўступленне ў згаданы прафсаюз. Яго чальцы атрымліваюць большыя ганарары, і іх першымі разглядаюць на ролі ў фільмах.
Трубачова кажа, што пасля гэтых здымак яе кінакар'ера пайшла ўгару: "Нядаўна я была на здымках, грым да якіх мне рабіла двойчы ўладальніца "Оскара". "Я цябе памятаю з "Д’ябал носіць Prada — 2", — сказала Джудзі".