За "палітыку" асудзілі інструктара пошукавага атрада "Анёл"

Максім Вайцяховіч

Максім Вайцяховіч / фота з яго старонкі "Вконтакте"

Па "палітычнай" справе асудзілі інструктара пошукавага атрада "Анёл" Максіма Вайцяховіча.

Вайцяховічу 35 гадоў, ён скончыў Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва, піша "Наша Ніва". Да затрымання быў інструктарам пошукава-выратавальнага атрада "Анёл", дапамагаў і іншым пошукавым атрадам. Паведамляецца, што Вайцяховіч рэгулярна праводзіў трэніроўкі па арыентаванні на мясцовасці і практычныя заняткі па пошуку зніклых людзей.

Таксама ён захапляўся роварамі і займаўся дабрачыннасцю. У 2023 годзе Вайцяховіч арганізаваў велапрабег ад Заслаўя да Уселюба. Пры дапамозе гэтага заезду ён збіраў сродкі на лячэнне дзяцей, хворых на рак.

Арыштавалі Вайцяховіча летась і змясцілі ў СІЗА. Судзілі яго ў Мінскім гарадскім судзе паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Дакладны прысуд невядомы. Выданне мяркуе, што судовы пераслед мужчыны звязаны са "справай Гаюна".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.