Мастак, чые працы не ўзялі на выставу Art Minsk, прыйшоў на адкрыццё ў касцюме клоўна

Генадзь Дук

Генадзь Дук / фота з яго акаўнту ў інстаграме

На адкрыцці мастацкай выставы Art Minsk у сталічным Палацы мастацтваў галоўнай зоркай стаў мастак, чые працы не ўзялі на выставу. Гэта заўважыла "Наша Ніва".

Генадзь Дук — малады мастак з Наваполацка, які цяпер жыве і працуе ў Мінску. Мае адукацыю культуролага, скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Раней ён эксперыментаваў з музыкай і анімацыяй, пісаў невялікія апавяданні.

Творца паспяхова ўдзельнічаў у розных выставах. У 2024-м ён атрымаў першае месца на "Восеньскім салоне" ў намінацыі "Лічбавае мастацтва і калаж". У выставе Art Minsk Генадзь Дук удзельнічаў ужо тройчы, прычым два разы быў сярод пераможцаў.

Але сёлета яго працы адмовіліся прымаць. У сацсетках аўтар звязвае гэтую адмову з тым, што летась у яго здарыўся канфлікт з арганізатарамі: "Пасля "Восеньскага салона 2025" у мяне склаліся нацягнутыя адносіны з арганізатарамі (мае працы пашкодзілі падчас мантажу). На гэты раз мяне проста праігнаравалі і вырашылі, відаць, не звязвацца. Падазраю, што асноўны крытэрый адбору — гэта асабістая сімпатыя да самога мастака і яго здольнасць да ліслівасці".

У адказ Дук прыйшоў на адкрыццё Art Minsk у касцюме клоўна. На спіну ён прымацаваў адзін са сваіх твораў: на карціне — сумны клоўн, падобны да Марачка з "Вёскі дурняў", нясе крыж. На шыю мастак павесіў сушаную рыбу з надпісам "Ежа для розуму". На адваротным баку рыбы напісана: "І падумаць гэтая рыба не магла, што будзе ўжытая такім перакручаным чынам: стане нечым меншым, чым рыба, і нечым большым, чым смерць, — стане арт-аб'ектам на пацеху крыўляк. Прабач, што не з'еў". Пры гэтым мастак трымапў вядро з мініятурнымі паштоўкамі з яго працамі — іх ён раздаваў людзям.

Мастак выклікаў фурор на выставе, многія хацелі з ім сфатаграфавацца.

Дарэчы, у 2022 годзе ўлады ўпершыню зачысцілі Art Minsk ад мастакоў, якіх пасля пратэстаў 2020 года палічылі "ненадзейнымі". Тады амаль перад самым урачыстым адкрыццём выставы з з яе знялі работы некалькіх дзясяткаў творцаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.