Аўтара прымусілі перарабіць быхаўскую скульптуру жанчыны

Аляксандр Мінькоў каля сваёй скульптуры

Аляксандр Мінькоў каля сваёй скульптуры / ctv.by

Быхаўскую скульптуру жанчыны пасля скандалу ў інтэрнэце вырашылі перарабіць. Займаецца гэтым аўтар — скульптар Аляксандр Мінькоў.

Сам аўтар рашэннем не задаволены. "[Гэта] бытавая, нязмушаная праца. [Я] зрабіў не за грошы. Зрабіў падарунак. А тут, аказваецца, такія ўсе прынцыповыя эксперты сталі... Хочаце акадэмічнае мастацтва — дайце мне круглую суму, і будзе вам любы шэдэўр, які рабіў Мікеланджэла. І Мікеланджэла таксама, дарэчы, з ягонай работай, якую ён рабіў пяць гадоў, "Давідам" — і таксама незадаволеных было вельмі шмат!"

У эфіры тэлеканала СТБ загадчыца сектара культуры Быхаўскага райвыканкама Людміла Кечык сказала, што самі чыноўнікі ўпершыню пабачылі гатовую статую падчас адкрыцця. Як адзначае тг-канал "Спадчына", гэтым была праігнараваная пастанова Саўміна №218, прынятая сёлета ў траўні, якая патрабуе абавязковага чатырохэтапнага кантролю мастацка-экспертнай рады яшчэ да ўсталявання любога манумента.

Супрацоўніцтва са скульптарам па іншых праектах, як паведамляецца, паставілі на паўзу. Лёсам быхаўскай статуі зоймецца спецыяльная камісія.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.