Ініцыятыва MALDZIS набыла раннюю карціну Міхаіла Кікоіна
"Партрэт жанчыны" Міхаіла Кікоіна / MALDZIS
Ініцыятыва MALDZIS набыла на аўкцыёне ў Ізраілі карціну знакамітага прадстаўніка Парыжскай школы мастацтва Міхаіла Кікоіна, які паходзіў з Гомеля. Карціна мае подпіс аўтара.
Твор называецца "Партрэт жанчыны" і датуецца 1918–1920 гадамі. Гэта ранні парыжскі перыяд творчасці мастака. Тады Кікоін яшчэ жыў у інтэрнаце бедных мастакоў "La Ruche" ("Вулей") і толькі пачынаў шлях да прызнання.
Карціна была купленая на сродкі Паўла Данэйкі, Івана Шылы, а таксама мецэнаткі, якая пажадала застацца неназванай.
7 лістапада карціну выставяць на канферэнцыі TEDxUlicaMińskaWomen у Варшаве.
У будучыні твор Кікоіна плануюць перадаць у Музей гісторыі Гомеля ў якасці грамадскага падарунку. Цяпер у гомельскіх музеях няма жывапісных работ славутага земляка.