Прадстаўнік прэзідэнта Польшчы пракаментаваў ліст групы беларускіх палітвязняў

Марцін Пшыдач

Марцін Пшыдач / канцылярыя прэзідэнта Польшчы

Еўрасаюз павінен больш актыўна дзейнічаць у вызваленні беларускіх палітвязняў, але падставаў для змякчэння санкцый цяпер няма. Так кіраўнік бюро міжнароднай палітыкі канцылярыі прэзідэнта Польшчы Марцін Пшыдач пракаментаваў для Радыё Свабода ліст групы беларускіх палітвязняў.

Ліст быў апублікаваны 26 кастрычніка. У ім група былых палітвязняў звярталася да лідараў еўрапейскіх краін з заклікам больш актыўна дамагацца вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі.

Пшыдач адзначыў, што Польшча прыклала вялікія высілкі ў гэтай справе: "Дзякуючы нашым добрым кантактам з амерыканскай адміністрацыяй нам удалося пераканаць амерыканцаў далучыцца да працы ў гэтым кірунку і дамагчыся вызвалеьня, сярод іншага, Анджэя Пачобута, але і многіх іншых. Вядома, амерыканцы таксама дзейнічалі ў межах уласных інтарэсаў".

Ён мяркуе, што еўрапейскія дыпламаты мусяць дзейнічаць у вызваленні беларускіх палітвязняў больш актыўна. "Аднак сёння я ня бачу прычын для таго, каб змяняць санкцыйную палітыку, хіба што ўлады Беларусі сапраўды пачнуць мяняць сваю ўнутраную і міжнародную палітыку. На гэты момант я не бачу з боку Мінска такой далёкасяжнай гатоўнасці", — кажа прадстаўнік польскага прэзідэнта.

Таксама ён дадаў, што Польшча не падтрымлівае ідэю аднавіць экспарт беларускіх калійных угнаенняў праз ЕС. На думку Пшыдача, транзіт праз Расію стварае цяжкасці для афіцыйнага Мінска: угнаенні прыносяць меншы прыбытак і становяцца менш канкурэнтаздольнымі. Ён нагадаў, што мэта санкцый — прымусіць Беларусь да пэўных зменаў у палітыцы.

Пшыдач назваў сябе прыхільнікам жорсткага курсу ў дачыненні да Беларусі і падкрэсліў, што афіцыйны Мінск меў магчымасць нармалізаваць адносіны з Польшчай: "Мы чакалі вельмі відавочных рэчаў: каб не пераследавалі апазіцыю, каб ствараліся ўмовы для рэалізацыі свабоды слова, мы хацелі, каб не пераследавалі польскую меншасць. Ніводная з гэтых умоваў Аляксандрам Лукашэнкам не была выкананая".

Санкцыі, на яго думку, стварылі магчымасць для далейшых перамоваў з рэжымам Лукашэнкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.