Анастасія Касцюгова: Што, калі вайна скончыцца, а палітвязні застануцца?
Сустрэча палітзняволеных / LookByMedia
"Што, калі вайна скончыцца, а палітзняволеныя застануцца?" — пост з такім пачаткам напісала ў фэйсбуку дачка былой палітзняволенай Валерыі Касцюговай, экспертка ў палітычнай камунікацыі Анастасія Касцюгова. З дазволу аўтаркі Еўрарадыё публікуе тэкст у рубрыцы "Меркаванні".
***
Больш за 70 былых палітзняволеных, сярод якіх Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава, Марына Золатова, Людміла Чэкіна і Аляксандр Федута заклікалі еўрапейскіх палітыкаў актыўней дамагацца вызвалення людзей і спынення рэпрэсій, выкарыстоўваючы ў тым ліку ціск, дыпламатычныя каналы і перамовы.
Я горача падтрымліваю гэту ініцыятыву. Я даўно выступаю за тое, каб Еўрасаюз актыўна ўключаўся ў працэс вызваленняў, і больш за тое, я перакананая, што без Еўропы і наяўных у яе рычагоў спыніць крымінальны пераслед будзе вельмі і вельмі цяжка. Таксама я перакананая і ў тым, што пытанне палітзняволеных і рэпрэсій — гэта ўваходная арка для больш шырокага абмеркавання пытанняў бяспекі і будучыні рэгіёна, важных для ЕС.
Аднак, у святле дыскусіі вакол гэтага ліста, я б хацела пагаварыць вось пра што. У нашым публічным асяродку неяк так прынята і склалася, што ўсе рыхтуюцца да эскалацыі. Што рызыкі, якія аблічваюцца, звязаны з рызыкамі пашырэння вайны на краіны НАТА, уцягвання ў вайну Беларусі, і ўсё гэта суправаджаецца абмеркаваннямі, як Беларусь да гэтай вайны рыхтуецца. Я не лічу гэты сцэнар малаверагодным, аднак я не лічу яго і адзіным. Больш за тое, у выпадку ваеннай эскалацыі ўжо ў цэлым застанецца не так шмат таго, што мы маглі б зрабіць, і як мы маглі б да гэтага падрыхтавацца.
Але яшчэ ёсць сцэнар дээскалацыі, і як ні парадаксальна, да яго таксама можна апынуцца зусім не гатовымі. Хоць у дадзеным выпадку ў нашых сілах значна больш.
Уявім, што пра спыненне агню дамовіліся. Хутчэй за ўсё, супярэчнасці не знікнуць, Пуцін на месцы, Расія на месцы, і ў Беларусі таксама ўсё па-ранейшаму. Аднак у нейкі момант бакі палічылі дамоўленасць дастаткова прымальнай, каб пачаць рухацца ў бок дээскалацыі. Пачынаюцца перамовы пра гарантыі бяспекі, эканамічныя адносіны, умовы прагляду санкцый. У кожнага боку свае інтарэсы і патрабаванні.
Што ў гэты момант адбываецца з Беларуссю? Хто і пра што дамаўляецца ў яе дачыненні? Беларусь уплывае на сваю будучыню ці становіцца пабочным прадуктам чужых здзелак? Якое месца ў гэтых дамоўленасцях займаюць беларускія палітзняволеныя, спыненне пераследу, зніжэнне ціску на грамадства ў цэлым? З якім узроўнем суб'ектнасці наогул Беларусь застаецца па выніку гэтых перамоў?