Двух беларусаў затрымалі пасля выкрыцця расійскай шпіёнскай сеткі ў Румыніі

Затрыманне, ілюстрацыйнае фота

Затрыманне, ілюстрацыйнае фота / facebook.com/policjagniezno/

У Румыніі выкрылі расійскую дыверсійную сетку, паведаміла румынская служба ўнутранай разведкі.

Паводле інфармацыі ведамства, удзельнікі сеткі, якая "непасрэдна каардынавалася спецслужбамі Расійскай Федэрацыі", 14 верасня спрабавалі падпаліць завод па вытворчасці зброі Carfil у Брашаве. Таксама мэтамі для дыверсій былі абраныя іншыя дзяржаўныя і прыватныя прадпрыемствы па вытворчасці ўзбраення і "аб'екты, якія ўяўляюць вайсковую і прамысловую цікавасць".

Паведамляецца пра трох затрыманых — двух грамадзян Беларусі і аднаго ўкраінца. Дваіх з іх затрымалі ў Германіі, калі рыхтавалі аналагічныя дыверсіі, трэцяга — у Польшчы. Бухарэст спрабуе дамагчыся іх экстрадыцыі ў Румынію.

CARFIL SA — румынская ваенна-прамысловая кампанія, якая ўваходзіць у склад дзяржаўнага абароннага канцэрна CN ROMARM. Гэтае прадпрыемства вырабляе ўзбраенне і боепрыпасы — супрацьтанкавыя гранатамёты, аскепкава-фугасныя снарады, а таксама вядзе праекты ў сферы БПЛА.

Дарэчы, у верасні Германія афіцыйна абвінаваціла Расію ў спробах дыверсій. Гэта адбылося пасля серыі падазроных інцыдэнтаў і пашкоджанняў аб'ектаў інфраструктуры ў еўрапейскіх краінах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.