Дзень у ШІЗА Тамаза Піпія: прыборка хлоркі, “Радыё Віцебск” і чаканне праверак
Тамаз Піпія / Праваабарончы цэнтр "Вясна"
Тамаз і Цімур Піпія — родныя браты. У траўні яны выйшлі на волю пасля 6 гадоў зняволення па палітычных артыкулах. Паводле Тамаза, сілавікі далі ім тры дні, каб пакінуць Беларусь, прыгразіўшы новым зняволеннем.
“Цяжка было ў 2024 годзе, калі мне дадалі паўтара года за нібыта невыкананне загадаў адміністрацыі. Паралельна памерла мама. Парушылася ўсё. Мне заставала паўгода, я хацеў убачыць маці, а атрымлася тое, што атрымалася. Злосць з цягам часу схіхла… Я разумеў, што мяне чакае. Што жыць у Беларусі не дадуць. Так і атрымалася”, — расказаў Тамаз у размове з Еўрарадыё.
Цяпер браты чакаюць дакументы ў Літве. Грошы скончыліся, а 4 лістапада скончыцца і дапамога з аплатай жылля. Пасля турмы ў Тамаза праблемы з сэрцам, якія абмяжоўваюць магчымасці працаваць.
Пасля легалізацыі браты плануюць заняцца клінігам. Каб пратрымацца да гэтага моманту, яны адкрылі збор на BYSOL: 4000 еўра на жыллё, побытавыя патрэбы, транспарт і сувязь.
Праваабарончаму цэнтру “Вясна” Тамаз расказаў, як выглядаў яго дзень у штрафным ізалятары, куды ён трапляў неаднойчы.
• 05:00 — пад’ём і зарадка. Пасля гэтага — чаканне сняданку, падчас якога Тамаз намагаўся трохі паспаць, бо паўнавартаснага адпачынку ў ізалятары не хапала
• Пасля сняданку — супрацоўнікі забіраюць посуд, вязні чакаюць ранішнюю праверку
• Прыблізна 07:30 – 08:00 — ранішняя праверка
• Пасля праверкі — у камеру наліваюць “хлорку”, якую неабходна было прыбраць
• Да абеду — час на сон або заняткі спортам: адцісканні і фізічныя практыкаванні (у тым ліку з выкарыстаннем ручнікоў), каб чымсьці сябе заняць і трымаць фізічную форму
• Абед — забіраюць посуд пасля прыёму ежы
• Да 15:00 — “абавязковы сон”
• 15:00 — уключаюць радыё “Віцебск”, якое грае да самай вячэры
• Каля 16:00 — могуць абвясціць пра «пакаранне», пасля чаго ўсе мусяць выстраіцца, як на праверку
• Прыблізна 17:30 — вячэра
• Пасля вячэры — чаканне вячэрняй праверкі. У вольны час — гульні ў што-небудзь, камунікацыя (калі гэта магчыма) альбо слуханне радыё
• Пасля вячэрняй праверкі — вязні па чарзе ідуць умывацца
• Перад сном — чаканне адбою
Кожны дзень у ШІЗА праходзіў па адным і тым жа строга рэгламентаваным сцэнарыі. Каб не звар’яцець у такім аднастайным рэжыме Тамазу дапамагалі фізічныя практыкаванні, слуханне радыё і прыём антыдэпрэсантаў.