Беларусы накіравалі ў Сейм петыцыю, каб “пашпарт падарожніка” дзейнічаў даўжэй

Цяпер яго выдаюць на адзін год людзям з дадатковай абаронай і на два гады ўцекачам

Цяпер яго выдаюць на адзін год людзям з дадатковай абаронай і на два гады ўцекачам / МОСТ

Беларусы Уроцлава склалі і падалі ў польскі Сейм петыцыю, каб “пашпарт падарожніка” (Polski dokument podróży) выдаваўся тэрмінам на два гады і каб яго статус быў выразна акрэслены — дакумент, які сведчыць асобу. Прадстаўнікі дэмакратычных сіл працуюць над гэтай праблемай не першы год, але да петыцыі ў Сейм справа яшчэ не даходзіла.

Ініцыятары дакумента вывучылі польскае і еўрапейскае заканадаўства, накіравалі некалькі запытаў у Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы і Упраўленне па справах замежнікаў.

Атрыманыя адказы ляглі ў аснову петыцыі. Згодна з афіцыйнымі дакументамі, польскі бок не можа выдаваць такі дакумент на больш працяглы тэрмін.

Гэта звязана з адсутнасцю электроннага чыпа ў дзеючых бланках і негатоўнасцю неабходных польскіх законаў.

Каб дакумент выдаваўся на больш працяглы тэрмін, ён павінен змяшчаць электронны чып з фатаграфіяй уладальніка і адбіткамі пальцаў. Аднак у цяперашніх польскіх дакументах такі чып адсутнічае, таму іх дазволена выдаваць толькі як часовыя — тэрмінам роўна на 12 месяцаў.

Таксама ў Польшчы яшчэ не ўнеслі змены ў законы, неабходныя для збору біяметрычных даных пры афармленні гэтага дакумента. Акрамя таго, яшчэ не наладжана вытворчасць новых біяметрычных бланкаў. На гэта спатрэбіцца час.

У петыцыі беларусаў аўтары звяртаюць увагу на тое, што ўлады Польшчы не падрыхтавалі неабходныя рашэнні да пачатку прымянення новых еўрапейскіх правілаў ад 12 чэрвеня 2026 года.

На думку заяўнікаў, гадавы тэрмін дзеяння дакумента змушае замежнікаў рэгулярна праходзіць працяглыя адміністрацыйныя працэдуры і стварае цяжкасці ў паўсядзённым жыцці. У прыватнасці, узнікаюць праблемы з адкрыццём банкаўскіх рахункаў і праходжаннем праверкі асобы.

Аўтары петыцыі просяць змяніць заканадаўства, павялічыць тэрмін дзеяння дакумента да двух гадоў і абавязаць банкі прызнаваць яго дакументам, які сведчыць асобу.

Цяпер петыцыя чакае рэгістрацыі ў канцылярыі Сейма. Пасля праходжання праз гэты  фільтр яна зойме сваё месца сярод астатніх петыцый. Паводле закона, на яе разгляд адводзіцца тры месяцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.