Ініцыятыва MALDZIS выкупіла рэдкую гравюру Брэста XVII стагоддзя

Гравюра старога Брэста

Гравюра старога Брэста / t.me/maldzisworldby

Ініцыятыва MALDZIS выкупіла на аўкцыёне ў Польшчы рэдкую гравюру Брэста XVII стагоддзя.

Гравюра "Горад і замак Берасце Літоўскае" (арыгінальная назва "Urbs et Castellum Brestzie Litewski") была выдадзеная ў 1696 годзе ў Нюрнбергу. Гэта адзіная дэталёвая выява старога Брэста, які ў XIX стагоддзі ўлады Расійскай імперыі цалкам знішчылі для будаўніцтва Брэсцкай крэпасці.

Твор выкананы ў тэхніцы медзярыту. Паведамляецца, што гравюра каляровая — з ручной размалёўкай. Яе памеры 35х49,5 см.

На першым плане паказаная панарама шведска-венгерска-казацкага войска каля сцен горада. У цэнтры гравюры можна пабачыць панараму і план Брэста з умацаваннямі, замкам, касцёламі і сінагогай.

Твор быў набыты на сродкі Дар’і Сліж. У будучыні гравюру плануецца перадаць у Музей гісторыі Брэста ў якасці грамадскага падарунку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.