Павел Севярынец сказаў, чаму не балатуецца ў Каардынацыйную раду
Павел Севярынец / Радыё Рацыя
Павел Севярынец узяў паўзу і не балатуецца на выбарах у Каардынацыйную раду, хаця прапановы такія былі. Пра гэта палітык і экс-палітвязень расказаў у гутарцы з Радыё Свабода.
Севярынец прызнае, што на сёння КР — ці не адзіная пляцоўка, дзе беларусы могуць галасаваць за сваіх прадстаўнікоў.
"Гэта плюс для Каардынацыйнай рады. З іншага боку, вельмі шмат скандалаў, вельмі шмат размоваў пра тое, што плён працы там — фактычна высвятленне адносінаў. Збоку нават часам выглядае, што Каардынацыйная рада больш раз'ядноўвае, чым яднае, а яе пакліканне — менавіта яднаць беларусаў. Таму я тут узяў паўзу. Гэта добрая рэч — паглядзець. Я думаю, што нікуды ад нас палітычныя працэсы не падзенуцца", — кажа ён.
Палітык дадае, што мае свае сімпатыі сярод тых, хто вылучаецца ў КР. Назваць гэтых людзей ён плануе бліжэй да саміх выбараў у Каардынацыйную раду.
Севярынец прызнаецца, што яму прапаноўвалі далучыцца і Офіс Ціханоўскай, і Аб'яднаны пераходны кабінет, і іншыя палітычныя структуры.
"Але сваё пакліканне як хрысціянскі дэмакрат я разглядаю ў тым, каб даць пэўную сярэдзіну, пэўны цэмэнт для яднання беларусаў. Гэта зараз выключна важна. Або мы будзем адзіныя, або нас не будзе", — тлумачыць ён.
Палітык шкадуе, што шмат энергіі траціцца на высвятленьне міжасабовых адносінаў, і марыць, каб беларусы змаглі дамовіцца.