На сераду ў Беларусі абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі
Спёка, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У сераду, 6 траўня, у Беларусі чакаецца пераменная воблачнасць, паведамляе Белгідрамет.
Пераважна па паўночна-заходняй палове пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі прагрымяць навальніцы. Уначы і зранку ў асобных раёнах будзе згушчацца слабы туман. Вецер прагназуецца няўстойлівы ўмераны да парывістага, месцамі парывы будуць дасягаць 15-20 метраў за секунду.
Уначы тэрмометры пакажуць 9-15 градусаў вышэй за нуль, месцамі чакаецца 5-8 градусаў цяпла. Удзень прагназуецца ад +16 па поўначы да +31 градуса па поўдні краіны. У сувязі з высокай тэмпературай сіноптыкі абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі.
У чацвер, 7 траўня, надвор'е будзе воблачнае з праясненнямі. Уначы месцамі, а ўдзень на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдуць кароткачасовыя дажджы, днём у асобных раёнах па поўначы чакаюцца моцныя дажджы. Месцамі прагрымяць навальніцы. Вецер будзе пераменных кірункаў — умераны да парывістага, удзень месцамі парывы будуць дасягаць 15-20 метраў за секунду.
Тэрмометры ўначы пакажуць 9-15 градусаў цяпла, па поўначы месцамі будзе 5-8 градусаў вышэй за нуль. Удзень прагназуецца ад +13 па паўночным захадзе да +28 градусаў па паўднёвым усходзе Беларусі.