Белстат падлічыў, колькі ў Беларусі непрацуючых жыхароў
Праца, ілюстрацыйнае фота / pexels.com
Улады Беларусі вядуць барацьбу з "дармаедамі", але колькасць іх не называюць. Толькі ў 2018-м у Мінпрацы казалі, што ў такой базе налічваецца каля паўмільёна чалавек.
Аднак колькасць непрацуючых беларусаў абнародаваў Нацыянальны статыстычны камітэт, заўважыла выданне "Зеркало". У Беларусі налічваецца 670 тысяч чалавек працаздольнага ўзросту, якія не занятыя ў эканоміцы.
Праўда большасць з іх — студэнты дзённай формы навучання. Іх налічваецца каля 425 тысяч. Яшчэ 112 тысяч чалавек не могуць працаваць па стане здароўя. 34 тысячы — людзі, якія выйшлі на заслужаны адпачынак ці ў адстаўку раней за звычайны пенсійны ўзрост (58 гадоў для жанчын і 63 гады для мужчын) — пераважна гэта прадстаўнікі сілавых ведамстваў.
Тых, каго патэнцыйна можна запісаць у "дармаеды", застаецца крыху больш за 98 тысяч чалавек. Амаль палова з іх не працуе, бо займаецца хатняй гаспадаркай (47,7 тыс.). Крыху менш за 12 тыс. адзначылі, што не маюць неабходнасці або жадання працаваць. 5,3 тыс. беларусаў чакаюць пачатку сезона работ — імаверна, сезонных. Амаль 3,9 тыс. чалавек заявілі пра немагчымасць уладкавацца на працу.
А 25 тыс. беларусаў, адказваючы на пытанне, чаму не працуюць, выбралі варыянт "іншае".
Пры гэтым варта дадаць, што нават сярод гэтых 98 тысяч чалавек частка можа мець законныя падставы не працаваць — напрыклад, яны выхоўваюць дзяцей да сямі гадоў ці даглядаюць за пажылымі і хворымі сваякамі.