Мадуры няма, рэжым застаўся. Што адбываецца ў Венесуэле праз тры месяцы пасля аперацыі ЗША
Пратэст у падтрымку Нікаласа Мадура / Getty Images
“Мы будзем кіраваць [Венесуэлай] да таго часу, пакуль не зможам забяспечыць бяспечны, належны і разумны пераход”, — заяўляў Дональд Трамп 4 студзеня гэтага года.
У той дзень у выніку бліц-аперацыі ЗША змаглі захапіць прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуру і яго жонку. Многія чакалі, што цяпер краіна стане свабоднай ад рэжыму чавістаў. Але, здаецца, доўгачаканая дэмакратыя туды пакуль не прыйшла.
Пра тое, што адбываецца з Венесуэлай цяпер, Еўрарадыё паразмаўляла з аналітыкам і эканамісткай, якія спецыялізуюцца на Лацінскай Амерыцы.
“Свая Дэлсі”
Эканамістка і спецыялістка па Лацінскай Амерыцы, прафесарка Варшаўскага ўніверсітэта Іаанна Гацлоўска-Болек кажа, што “чавізм займае прагматычную пазіцыю ў дачыненні да Вашынгтона”.
— Ён [рэжым] захоўвае ваенную, паліцэйскую і палітычную структуру, адначасова пазіцыянуючы сябе і сваіх саюзнікаў як упаўнаважаных і здольных кіраваць ключавымі сферамі палітыкі і эканомікі Венесуэлы.
Пасля сямігадовага перапынку 14 сакавіка Злучаныя Штаты зноў адкрылі сваё пасольства ў Каракасе. Акрамя таго, адміністрацыя Трампа ставіла Венесуэлу ў прыклад іншым краінам, у тым ліку Ірану, якія знаходзяцца ў канфлікце з ЗША.
Экспертка адзначае, што Дэлсі Радрыгес ужо была фармальна прызнана ЗША ў якасці часовай прэзідэнткі Венесуэлы, што дае ёй значную свабоду дзеянняў пры ўмове выканання ўказанняў Вашынгтона, асабліва тых, што датычацца адкрыцця нафтавага сектара для амерыканскіх інвестыцый.
Сам Дональд Трамп неаднаразова падкрэсліваў, што вельмі задаволены гэтым супрацоўніцтвам. І гэта нягледзячы на тое, што Радрыгес патрабуе вызвалення Мадуры.
— Падобна, што ў такой сітуацыі Вашынгтон не бачыць неабходнасці ў аднаўленні дэмакратыі ў Венесуэле, а цяперашняя структура ўлады дазваляе цалкам кантраляваць тыя сферы, якія Дональд Трамп лічыць ключавымі, гэта значыць перадусім доступ да велізарных запасаў нафты і іншых прыродных рэсурсаў краіны, — кажа Гацлоўска-Болек.
Апазіцыя спрабуе сабрацца
Венесуэльская апазіцыя адышла на другі план. Пасля сустрэчы з лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі міру Марыяй Карынай Мачада Дональд Трамп назваў яе “цудоўнай жанчынай, якая столькі ўсяго перажыла”, але не падтрымаў як новага лідара краіны.
Цяпер венесуэльская апазіцыя абмяркоўвае тактыку і стратэгіі, каб вярнуцца ў гульню. Мачада абвясціла пра сваё вяртанне ў Венесуэлу, не называючы канкрэтнага тэрміну, і ад гэтага будзе залежаць планаванне і правядзенне новых выбараў.
— Адной з найважнейшых бягучых мэт з’яўляецца рэактывацыя Дэмакратычнай унітарнай платформы, гэта значыць саюзу апазіцыйных груп, які дапамог выпрацаваць кансэнсус перад выбарамі 2024 года, але з таго часу страціў імпульс і прыкметна аслаб. Лідары апазіцыі лічаць, што выступленне адзіным голасам будзе ключавым у будучых перамовах з Дэлсі Радрыгес, а магчыма, таксама і з Белым домам, — кажа Гацлоўска-Болек.
Важна разумець, што венесуэльская апазіцыя — гэта не адзінае ўтварэнне, а сукупнасць розных груп, інтарэсы і падыходы якіх не заўсёды супадаюць, напрыклад, у пытанні ўдзелу ў выбарах або іх байкоту. І рэжым Мадуры гэта актыўна выкарыстоўвае, каб аслабіць сваіх праціўнікаў. Цяпер на гэтую разнароднасць яшчэ наклаўся фактар ЗША, кажа аналітык па Лацінскай Амерыцы Польскага інстытута міжнародных спраў Бартломей Зноек.
— Адміністрацыя Трампа з самага пачатку адкрыта маргіналізуе і падрывае пазіцыі Марыі Карыны Мачада як лідара апазіцыі, хаця менавіта яна адказвала за мабілізацыю большасці венесуэльцаў на выбарах 2024 года. Рэжым пад кіраўніцтвам Дэлсі Радрыгес умела выкарыстоўвае крытычнае стаўленне Трампа да Мачада, паказваючы яе саму і яе найбліжэйшае атачэнне як тых, хто дзейнічае на шкоду Венесуэле.
Падчас выбараў 2024 года Мачада і яе прыхільнікі паспяхова змаглі даказаць фальсіфікацыі. Яны задакументавалі выбарчыя пратаколы і паказалі, што больш за дзве трэці венесуэльцаў прагаласавалі супраць рэжыму.
Тады ім удалося кансалідаваць венесуэльцаў, але наступныя жорсткія рэпрэсіі, замацаванне аўтарытарнай улады, ціск ЗША і аперацыя па затрыманні Мадуры зноў пазбавілі венесуэльцаў надзеі на змены, лічыць Зноек. Для амерыканцаў прыярытэтам стала ўсталяванне кантролю над нафтавым сектарам Венесуэлы.
Аналітык прыводзіць і іншыя прыклады таго, як Радрыгес прасоўвае “сваіх” людзей. Напрыклад, 18 сакавіка яна адправіла ў адстаўку шматгадовага міністра абароны Уладзіміра Падрыну, адказнага за дыскрэдытацыю арміі 3 студзеня. На яго месца яна прызначыла Густава Гансалеса Лопеса, які раней быў кіраўніком венесуэльскай разведкі (SEBIN) і асабіста адказвае за рэпрэсіі і катаванні праціўнікаў рэжыму.
— Не відаць, каб ЗША спрабавалі ўплываць на гэтыя назначэнні, паколькі, верагодна, прыярытэтам для адміністрацыі Трампа з’яўляецца забеспячэнне парадку і стабільнасці ў дзяржаве, незалежна ад таго, якім чынам рэжым гэтага дасягае, — рэзюмуе аналітык.
Палітвязні на свабодзе, але колькі яшчэ ў турмах?
20 лютага Нацыянальная асамблея Венесуэлы падпісала закон аб амністыі палітвязняў, пазбаўленых волі за апошнія 27 гадоў. Яшчэ да гэтага ўлады абвясцілі пра закрыццё турмы Эль Элікойд, вядомай як цэнтр катаванняў (там абяцалі зрабіць спартыўны цэнтр для сілавікоў).
Аналітык Бартломей Зноек лічыць, што закон аб амністыі пакуль застаецца “адзінай больш сур’ёзнай уступкай рэжыму грамадзянам Венесуэлы”. Але і тут ёсць нюансы, звязаныя з тым, што працэс адбываецца павольна і выбарачна.
Праваабарончая арганізацыя Foro Penal пацвердзіла вызваленне толькі 690 чалавек. Паводле іх даных, на 23 сакавіка ў турмах заставалася 503 чалавекі, сярод якіх 188 вайскоўцаў, 51 жанчына і 1 падлетак.
Яны называюць працэс непразрыстым: невядома, па якіх крытэрыях адбываюцца вызваленні, а рэпрэсіі пасля 3 студзеня зусім не спыніліся. Ёсць выпадкі, калі зняволеным адмовілі ў вызваленні, а некаторыя сем’і дагэтуль не ведаюць пра лёс сваіх арыштаваных блізкіх.
Таксама амністыя дзейнічае выбарачна. Так, 8 лютага стала вядома пра вызваленне з турмы паплечніка Марыі Мачада, адваката Перкінса Рочы, але пад хатні арышт.
“Утапічны сцэнар не здзейсніцца ні заўтра, ні паслязаўтра”
Любые змены патрабуюць часу, асабліва калі гаворка ідзе пра такую моцную трансфармацыю, якой дэмакратычны свет чакае ў Венесуэле.
— Ужо зразумела, што не здзейсніцца чаканы некаторымі ўтапічны сцэнар, паводле якога ў Венесуэле ўжо заўтра адбудзецца вяртанне да дэмакратыі, а паслязаўтра будзе адноўлена квітнеючая эканоміка, у свет шырокім патокам пацякуць венесуэльскія нафта і газ, а цудоўныя венесуэльскія ўзбярэжжы запоўняцца турыстамі на новых курортах, пабудаваных амерыканскімі інвестарамі, — кажа Іаанна Гацлоўска-Болек, але дадае, што ўсё будзе залежаць ад таго, ці атрымаецца ў апазіцыі на чале з Марыяй Карынай Мачада ажыццявіць гэтыя змены.
Крыху больш скептычна настроены Бартломей Зноек, які называе цяперашні курс венесуэльскай палітыкі “адаптацыяй да сітуацыі”.
— Думаю, рэжым паспрабуе пазбегнуць поўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і будзе выкарыстоўваць рэпрэсіўны апарат, каб не дапусціць узмацнення апазіцыі. Сумняваюся, што ў гэтым годзе можна чакаць нейкіх палітычных змен, хоць не выключаю, што пад ціскам ЗША можа з’явіцца пэўны план, часткай якога стануць выбары ў Венесуэле.
З эканомікай у Венесуэлы ўсё дрэнна ўжо вельмі даўно, большая частка грамадства жыве ў беднасці. Краіна таксама сутыкнулася з пагаршэннем сітуацыі ў ключавой галіне дзяржаўнага бюджэту — нафтаздабычы.
Пакуль што заклікі адміністрацыі Трампа да кампаній актыўней уключыцца ў здабычу не выклікалі вялікага энтузіязму праз нявызначанасць палітычнага курсу. Эксперты, якія аналізуюць венесуэльскі нафтавы сектар, падкрэсліваюць, што аднаўленне высокага ўзроўню здабычы нафты — гэта пытанне не толькі доўгатэрміновай перспектывы, але і дарагіх інвестыцый.
— Нядаўна ЗША падпісалі з Венесуэлай пагадненне аб распрацоўцы радовішчаў карысных выкапняў, аднак кантроль над здабычай золата і іншых элементаў не абавязкова знаходзіцца ў руках рэжыму, а часта — у злачынных груповак. Нават калі гэта супрацоўніцтва павінна спрыяць аднаўленню, не варта чакаць хуткага паляпшэння. Таму я сумняваюся, што не менш за 8 мільёнаў венесуэльцаў, якія пакінулі краіну за апошняе дзесяцігоддзе, пачнуць масава вяртацца на радзіму, — рэзюмуе аналітык Бартломей Зноек.