Іран знішчыў амерыканскі разведвальны самалёт
Самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення E-3 Sentry знаходзіўся на авіябазе ў Саудаўскай Аравіі / OSINTtechnical
Самалёт баявога кіравання і разведкі ВПС ЗША E-3 Sentry (AWACS) быў знішчаны ў выніку іранскай ракетна-дронавай атакі на авіябазу прынца Султана ў Саудаўскай Аравіі, пішуць выданні Air & Space Forces Magazine і The War Zone.
Гэта адбылося 27 сакавіка. У выніку ўдару пацярпелі больш за 10 амерыканскіх вайскоўцаў, двое з іх знаходзяцца ў цяжкім стане. Акрамя самалёта E-3 Sentry, пашкоджанні таксама атрымалі самалёты-запраўшчыкі.
Аналітыкі выданняў адзначаюць, што для знішчэння такога самалёта не абавязкова прамое трапленне — дастаткова разлёту асколкаў ад блізкага выбуху балістычнай ракеты або дрона-камікадзэ, які выклікае маштабны пажар.
Эксперты сцвярджаюць, што страта такога самалёта — гэта ўдар па магчымасцях ВПС ЗША ў рэгіёне. Самалёты сістэмы AWACS выконваюць ролю "паветраных штабоў": яны каардынуюць дзеянні знішчальнікаў, выяўляюць мэты і забяспечваюць бяспеку паветранай прасторы.
Да пачатку канфлікту ў ЗША заставалася ўсяго 16 такіх машын, з якіх толькі каля паловы маглі выконваць баявыя задачы ў любы момант часу з-за тэхнічных праблем. На авіябазе ў Саудаўскай Аравіі базіравалася шэсць такіх бартоў.