ЗША рыхтуюцца захапіць іранскі востраў — ключавы аб’ект нафтавай галіны
Узброеныя сілы ЗША паскорылі перакідку некалькіх тысяч марскіх пяхотнікаў і вайскоўцаў ВМС / Tasnim News Agency
ЗША рыхтуюцца ў бліжэйшы час пачаць аперацыю па захопе вострава Харк, праз які праходзіць 90% нафтавага экспарту Ірана, паведамілі выданню The Jerusalem Post інфармаваныя крыніцы. Амерыканскія чыноўнікі паведамілі пра гэта сваім калегам у Ізраілі і іншых краінах. Такім чынам ЗША хочуць прымусіць Іран спыніць блакіраванне руху суднаў праз Армузскі праліў.
Узброеныя сілы ЗША паскорылі перакідку некалькіх тысяч марскіх пяхотнікаў і вайскоўцаў ВМС на Блізкі Усход для магчымай наземнай аперацыі.
Вашынгтон вырашыў накіраваць на Блізкі Усход дадаткова каля 8 тыс. вайскоўцаў, з якіх да 5 тыс. — марскія пяхотнікі. Яны накіруюцца ў рэгіён разам з баявой тэхнікай для высадкі на сушу на трох дэсантных караблях: USS Boxer, USS Portland і USS Comstock.