ЗША ўдарылі па крытычна важным востраве. Адтуль экспартуецца 90% нафты Ірана

Атакованы ваенныя аб’екты на іранскім востраве Харк, дзе размешчаны буйныя нафтавыя магутнасці

Атакованы ваенныя аб’екты на іранскім востраве Харк, дзе размешчаны буйныя нафтавыя магутнасці / t.me/yigal_levin

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што амерыканскія вайскоўцы нанеслі ўдары па ваенных аб’ектах на іранскім востраве Харк, папярэдзіўшы, што наступнымі могуць стаць крытычна важныя нафтавыя збудаванні, калі Іран працягне блакаваць Армузскі праліў. З вострава экспартуецца больш за 90% іранскай нафты.

Агенцтва Fars паведаміла са спасылкай на крыніцы, што на востраве падчас амерыканскіх удараў было чуваць больш за 15 выбухаў. Былі паражаныя сістэмы СПА, ваенна-марская база і аб’екты аэрапорта, але нафтавая інфраструктура не пацярпела.

Паводле слоў Трампа, сілы ЗША "цалкам знішчылі" ўсе ваенныя мэты. Ён назваў гэты ўдар "адной з самых магутных бамбардзіровак у гісторыі Блізкага Усходу", размясціўшы ролік у сацсетцы Truth. Пры гэтым прэзідэнт ЗША сказаў, што пакуль вырашыў не "знішчаць" нафтавую інфраструктуру на востраве.

"Аднак калі Іран або хто-небудзь яшчэ зробіць нешта, што перашкодзіць свабоднаму і бяспечнаму праходу суднаў праз Армузскі праліў, я неадкладна перагледжу гэта рашэнне", — дадаў ён.

США ударили по критически важному острову. Оттуда экспортируется 90% нефти Ирана

Ці будзе наземная аперацыя ЗША?

2 500 марскіх пяхотнікаў і дэсантны карабель накіроўваюцца на Блізкі Усход, паведаміў агенцтву AP прадстаўнік ЗША.

Паводле слоў крыніцы, у рэгіён накіраваны падраздзяленні 31-й экспедыцыйнай групы марской пяхоты і дэсантны карабель.

Экспедыцыйныя падраздзяленні марской пяхоты здольныя праводзіць дэсантныя аперацыі, а таксама спецыялізуюцца на ўзмацненні аховы пасольстваў, эвакуацыі грамадзянскіх асоб і аказанні дапамогі пры стыхійных бедствах.

Ваенны аглядальнік з Ізраіля Сяргей Аўслэндар адзначае, што ўдар па востраве Харк мае дзве плоскасці.

"Харк уваходзіць у тыя самыя тры аб’екты, знішчэнне якіх адправіць Іран у каменны век. Літаральна. Удар па Харку іракскай авіяцыі падчас ірана-іракскай вайны прывёў да калапсу іранскай эканомікі", — нагадвае Аўслэндар.

"Акт запалохвання. Бамбілі ваенныя аб’екты, якія яны там былі, сказаць не магу, думаю, пазіцыі СПА і казармы. Вайскоўцы там у любым выпадку прысутнічалі. Магчыма, ударылі па аэрапорце. Нафтавыя тэрміналы наогул не краналі. У чыстым выглядзе — дэманстрацыя.

Ідзе перакідка частак марской пяхоты на Блізкі Усход. Цалкам можна дапусціць, што амерыканцы паспрабуюць (ды там і спрабаваць не трэба, хто ім перашкодзіць) захапіць Харк і такім чынам пазбавіць рэжым яго галоўнага актыву. А для гэтага трэба выбіць на востраве ўсё ваеннае.

У любым выпадку, стаўкі павышаюцца. Трамп жа сказаў, што вырашыў нафтавы тэрмінал не бамбіць, але можа гэтае рашэнне і перагледзець", — падсумоўвае ваенны аглядальнік.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.