Прадпрымальнік, звязаны з атачэннем Лукашэнкі, мае ў Літве рэстаран і гатэль
Рэстаран кампаніі Артура Гранца ў Вільні / LRT
У Літве знайшлі бізнес у прадпрымальніка, звязанага з атачэннем Аляксандра Лукашэнкі.
Гэта Артур Гранц — бізнесовец з беларускім і армянскім грамадзянствам. У Вільні ён валодае адным з самых дарагіх рэстаранаў HeJi, а ў Тракаі яму належыць раскошны гатэль Esperanza Resort.
Як высветліў аддзел журналісцкіх расследаванняў LRT, разам з тым кампанія Гранца Mello Trading, зарэгістраваная ў Літве, працуе ў сегменце бяспошліннага гандлю (д'юці-фры) у Беларусі. Разам з кампаніяй "Дыпмаркет", якая належыць адміністрацыі Лукашэнкі, фірма Гранца валодае сеткай крам Belamarket Duty Free. У гэтай сетцы налічваецца больш як 30 крамаў у Беларусі. 50,1% акцый кампаніі належаць фірме Гранца, а астатняя частка — "Дыпмаркету".
Згодна з данымі беларускіх рэестраў, леташні прыбытак Mello Trading ад крамаў д'юці-фры ў Беларусі склаў 2 млн еўра. Прычым ад пачатку шырокамаштабнай вайны ва Украіне прыбытак павялічыўся. Калі ў 2020 і 2021 гадах чысты прыбытак кампаніі складаў каля 800 тысяч еўра, то ў 2022 годзе ён вырас да 1,4 мільёна еўра, а ў 2023 годзе ўжо складаў 2,2 мільёна еўра.
Згодна з літоўскімі рэестрамі, апошні раз Mello trading атрымлівала дывідэнды з Беларусі ў 2022 годзе — гэта было каля 200 тысяч еўра. Найбуйнейшыя выплаты былі ў 2020 і 2018 гадах — больш за 1,5 мільёна еўра. У адказ на пытанні LRT у кампаніі заявілі, што з 2022 года дывідэнды з Беларусі не выплачваліся ў сувязі з санкцыямі.