Стала вядома, колькі давялося заплаціць за кожную затрыманую ў РБ фуру
Фуры на мяжы, ілюстрацыйнае фота / Мытны камітэт Беларусі
За кожную літоўскую фуру, выпушчаную з Беларусі, перавозчыкам давялося заплаціць каля 6 тысяч еўра. Такі рахунак за "стаянку" даўжынёй у чатыры месяцы выставілі ім беларускія ўлады.
Паводле спікера Памежнай службы Літвы Гедруса Мішуціса, па стане на раніцу 27 сакавіка з Беларусі змаглі выехаць 153 грузавікі з ліку затрыманых увосень 2025 года. Ён дадае, што некаторыя перавозчыкі цяпер асцерагаюцца ездзіць праз Беларусь.
Раней Мытны камітэт Беларусі паведамляў, што ў нашай краіне былі затрыманыя больш за 1900 грузавікоў і паўпрычэпаў з літоўскімі нумарамі.
"Яны рызыкавалі — і патрапілі. І гэта адзін з урокаў, які мусіць быць вывучаны. І не толькі літоўскім бізнесам, а італьянскім, іспанскім і гэтак далей. Вы туды ідзяце — вы рызыкуеце. Вас могуць затрымаць з палітычных матываў", — так падчас форуму "Шлях да Волі" ў Кіеве пракаментаваў сітуацыю літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс.
Ён дадаў, што, затрымліваючы на сваёй тэрыторыі літоўскія грузавікі, Беларусь страляе сабе ў нагу, бо "сама з'яўляецца транзітнай краінай" і "ім самім трэба, каб гэтыя фуры ездзілі".