Калійныя ўгнаенні з Беларусі павінны праходзіць праз Літву — Коўл
Джон Коўл / Reuters
Спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл мяркуе, што Вільня і Мінск павінны пачаць дыялог на ўзроўні намеснікаў міністра замежных спраў. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю для LRT.
На яго думку, пры перамовах з Лукашэнкам не варта выстаўляць папярэднія ўмовы.
"Мы з прэзідэнтам Трампам не верым у папярэднія ўмовы. Вось у што мы верым: трэба сесці і пагаварыць. Калі гэта не спрацуе, тады трэба ўстаць і сысці. Але я думаю, я спадзяюся, што Літва пагодзіцца на двухбаковы дыялог на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў. Нам трэба спыніць тое, што перашкаджае жыццю з абодвух бакоў", — заявіў амерыканскі прадстаўнік.
Раней на дыялогу на ўзроўні намесніка міністра замежных спраў настойваў рэжым Лукашэнкі. Коўл падтрымаў такі фармат. На яго думку, гэта дапаможа наладзіць гандаль паміж краінамі, а таксама гандаль з Еўропай і Злучанымі Штатамі.
"Напрыклад, калійныя ўгнаенні з Беларусі павінны праходзіць праз Літву, і гэта адкрыла б для іх доступ у Еўропу — аж да Злучаных Штатаў", — растлумачыў ён сваю пазіцыю.
Злучаныя Штаты знялі санкцыі з "Беларуськалія" ў абмен на выпушчаных палітвязняў. Аднак раней літоўскія чыноўнікі заяўлялі, што ЗША не ціснуць на іх у пытанні беларускага калію і не прымушаюць адкрыць транзіт.
Таксама спецпрадстаўнік Трампа пацвердзіў, што ЗША зацікаўленыя беларускім каліем. Раней Лукашэнка паведаміў, што вядзе перамовы з амерыканскім бокам аб продажы аднаго з горна-ўзбагачальных камбінатаў (як мяркуецца, Нежынскага).
"Я размаўляў з Брук Ролінз, яна міністр сельскай гаспадаркі ЗША, мы абмеркавалі гэта, і яна сказала, што для Злучаных Штатаў было б вельмі выгадна, калі б мы таксама атрымлівалі ўгнаенні", — заявіў Коўл.