Палітвязні без пашпартоў і рэлігія ў палітыцы — новыя ўдары па беларусах. Эфір
Наталля Васілевіч
Беларускія ўлады працягваюць шукаць новыя спосабы ціску нават пасля вызвалення палітвязняў. Паводле сведчанняў былых зняволеных, у тых, каго пасля турмы дэпартавалі з краіны, пачалі ануляваць пашпарты. Людзі даведваюцца пра гэта выпадкова — напрыклад, правяраючы статус дакумента на сайце МУС. Пакуль незразумела, якія наступствы гэта будзе мець, але ўжо відавочна: гаворка можа ісці пра абмежаванні на перамяшчэнне, праблемы з дакументамі і новыя рызыкі для тых, хто і так прайшоў праз зняволенне і вымушаную эміграцыю.
На гэтым фоне ўзнікае пытанне: ці не становіцца пазбаўленне дакументаў новай формай пакарання ўжо пасля вызвалення? І як гэта ўпісваецца ў агульную логіку ціску на грамадзянскую супольнасць?
Тым часам у рэгіёне працягваецца наступленне на рэлігійныя ініцыятывы: у Расіі статус "замагента" атрымаў праект, створаны беларускімі хрысціянамі. У Беларусі прадстаўнікі царквы ўсё часцей становяцца ўдзельнікамі дзяржаўнай прапаганды, а вакол рэлігійных арганізацый узнікаюць супярэчлівыя сітуацыі — ад супрацоўніцтва з уладамі да дыскусій пра "дэструктыўную рэлігійнасць".
Дзе праходзіць мяжа паміж рэлігіяй і палітыкай? Ці можна казаць пра сістэмны ціск на вернікаў і рэлігійныя супольнасці? І што азначаюць новыя рашэнні ўлад для былых палітвязняў, якіх фактычна пакідаюць без дакументаў?
Пра гэта і не толькі размаўляем з праваабаронцай і тэалагіняй Наталляй Васілевіч у чарговым эфіры Еўрарадыё.
Стрым пачнецца ў 13:00 па Мінску, задавайце пытанні!