Сёлета дэмсілы і партнёры прадухілілі выдачу ў Беларусь 15 чалавек — Ціханоўская

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская / прэс-служба Ціханоўскай

Сёлета беларускія дэмакратычныя сілы і іх партнёры дапамаглі прадухіліць выдачу ў Беларусь 15 чалавек. Такую лічбу назвала Святлана Ціханоўская падчас свайго выступу ў Варшаве 6 кастрычніка на канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні.

Яна прыняла ўдзел у дыскусіі "Транснацыянальныя рэпрэсіі ў рэгіёне АБСЕ". Мерапрыемства было прысвечанае пераследу журналістаў, грамадзянскіх актывістаў ды іншых людзей, якія ў эміграцыі працягваюць сутыкацца з пагрозамі з боку мінскіх уладаў.

Ціханоўская заклікала ўзмацніць праверку запытаў беларускага рэжыму на міжнародны вышук і экстрадыцыю. Яна падкрэсліла, што ахвярамі пераследу становяцца не толькі вядомыя палітыкі: удзел студэнта, валанцёра ці палітуцекача ў акцыі салідарнасці за мяжой можа пагражаць ціскам на яго сям’ю ў Беларусі.

Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў дадала, што для беларусаў, вымушаных пакінуць радзіму, рэпрэсіі не спыніліся. Рэжым Лукашэнкі пераследуе палітуцекачоў праз пагрозы сваякам, завочныя прысуды, канфіскацыю маёмасці, ануляванне пашпартоў, кібератакі і абвяшчэнне ў міжнародны вышук.

Асобна Ціханоўская згадала пра тое, што беларускія палітуцекачы не могуць атрымаць новыя пашпарты ўзамен за пратэрмінаваныя. Яна заклікала дэмакратычныя дзяржавы выдаваць праязныя дакументы і пашпарты іншаземца, забяспечваць устойлівы легальны статус і пры неабходнасці прызнаваць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.