Экс-палітвязень, які выехаў у Польшчу, прызнаўся, што яго завербавала КДБ

Вадзім Пашкоўскі

Вадзім Пашкоўскі / "Гомельская Вясна"

Экс-палітвязень Вадзім Пашкоўскі расказаў, што яго завербавалі кадэбісты і адправілі ў Польшчу выконваць нейкія заданні. У гэтым ён прызнаўся праваабаронцам "Гомельскай Вясны".

23-гадовага жлобінца пакаралі за ўдзел у пратэсных акцыях паводле артыкула 342 КК (удзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак). Прычым крымінальную справу завялі праз чатыры гады — калі выявілі яго на здымках. Спярша Пашкоўскі адбываў пакаранне на "хіміі" ў Гродне, а потым яго перавялі ў шклоўскую калонію №17.

Пасля вызвалення ў снежні 2025-га яму ўдалося ўладкавацца на прыватнае прадпрыемства міжнароднага канцэрну Kronospan у Магілёве. Сам хлопец па адукацыі з'яўляецца інжынерам-распрацоўнікам тэхналагічных працэсаў. Калі ж ён захацеў звольніцца, з ім сустрэліся два мужчыны ў цывільным, якія завезлі яго ва ўпраўленне КДБ па магілёўскай вобласці. Іх цікавіла, ці меў Пашкоўскі дапамогу ад праваабаронцаў, ці атрымліваў прадуктовыя перадачы.

"Потым мяне павезлі ў іншы будынак, і там я праходзіў паліграф. Там ужо пыталі, ці я звязаны з замежнымі спецслужбамі, ці я займаюся экстрэмісцкай дзейнасцю ды ўсё такое. Пасля паліграфа мяне завезлі на маю арандаваную кватэру, дзе я жыў у Магілёве. Там яны зрабілі вобшук. Але гэта адбывалася без панятых, без нейкіх санкцыяў – проста яны самі зайшлі, усё ператрусілі. Забралі ў мяне ноўтбук, тэлефон", — згадвае малады чалавек.

Потым яму заявілі, што могуць абвінаваціць у прамысловым шпіянажы, бо на камп'ютары знайшлі шмат рысункаў і файлаў, звязаных з вытворчасцю. Пашкоўскага паставілі перад выбарам: "Ці на 15 гадоў, ці трэба будзе дапамагчы краіне".

Калі экс-палітвязень пагадзіўся на супрацу, яму сказалі, што трэба выехаць у Польшчу, "там проста жыць, стасавацца з людзьмі і перыядычна распавядаць ім як у мяне справы і з кім я стасуюся".

Таксама кадэбісты спрабавалі праз Пашкоўскага высветліць каналы дапамогі. ён напісаў пад іх дыктоўку просьбу пра выплату ў фонд салідарнасці BySol. Але там хацелі, каб ён адкрыў рахунак за мяжой — і ўрэшце ўсё скончылася нічым.

Потым з падказкі КДБ Вадзім звязаўся з праваабаронцамі "Вясны", якія дапамаглі яму атрымаць гуманітарную візу для выезду ў Польшчу. "Перад атрыманнем візы яны на чарговай сустрэчы пачалі ўжо надаваць мне канкрэтныя інструкцыі. Казалі, каб я, як прыеду, нікому не распавядаў пра супрацу, каб проста жыў, легалізоўваўся і абрастаў сувязямі. Тлумачылі спосаб сувязі – праз Telegram i VPN", — апісвае экс-палітвязень.

Хлопец кажа, што не папярэджваў тых, з кім перапісваўся, бо баяўся, што ў яго тэлефоне стаяць шпіёнскія праграмы. У Польшчу ён заехаў 3 кастрычніка і вырашыў адразу раскрыць, што быў завербаваны: "Я хачу публічна заявіць пра тое, што са мной адбылося, ды адмовіцца ад любой супрацы з КДБ Беларусі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.