Кіраўнік Telegram папярэдзіў уладальнікаў айфонаў са старой iOS пра ўзломы
Павел Дураў / Getty Images
Заснавальнік Telegram Павел Дураў напісаў у сваім канале, што карыстальнікаў iPhone "масава ўзломваюць". Пад пагрозай апынаюцца ўсе даныя ўладальнікаў смартфонаў, на якіх стаіць нават крыху састарэлая версія iOS. Месенджар пачаў рассылаць такім карыстальнікам службовыя паведамленні з заклікам усталяваць апошняе абнаўленне.
"Карыстальнікаў iPhone масава ўзломваюць. Калі ваша iOS састарэла хаця б крыху, усе вашы даныя пад пагрозай. Каб вас узламалі, можа быць дастаткова проста адкрыць вэб-сайт. Мы адпраўляем гэтае папярэджанне ўсім нашым карыстальнікам са старымі версіямі iOS", — напісаў Павел Дураў у сваім канале ў Telegram.
У паведамленні ад афіцыйнага акаўнта Telegram гаворыцца, што састарэлая iOS змяшчае ўразлівасці, якія ставяць пад пагрозу даныя і ўліковыя запісы карыстальнікаў.
Каб абнавіць сістэму, трэба:
- адкрыць "Налады" на тэлефоне;
- перайсці ў раздзел "Асноўныя", а потым — "Абнаўленне ПЗ";
- усталяваць апошнюю даступную версію iOS.