У Брэсцкай абласной бальніцы арыштавалі кіраўніцтва — "Наша Ніва"
Аляксандр Карпіцкі і Андрэй Шасцюк / bokb.by
У Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы сілавікі правялі арышты сярод кіраўніцтва, піша "Наша Ніва".
На мінулым тыдні прапаў 66‑гадовы галоўны лекар Аляксандр Карпіцкі. У прыёмнай кажуць: "Бліжэйшым часам можаце яго нават не набіраць". Прычыну яго адсутнасці назваць не могуць.
Няма на працоўным месцы і яго намесніка Андрэя Шасцюка. Паводле афіцыйнай версіі, "Андрэй Міхайлавіч на бальнічным". Але "Наша Ніва" мяркуе, што яго таксама затрымалі.
Аляксандр Карпіцкі — заслужаны лекар Беларусі, аўтар 15 вынаходніцтваў, ганаровы грамадзянін Брэсцкай вобласці. Галоўным лекарам абласной клінікі ён з'яўляецца з 2000 года. Упершыню ў вобласці Карпіцкі сам правёў пластычныя аперацыі на страваводзе з замяшчэннем яго страўнікам, страўнікавай трубой, тоўстай і тонкай кішкай. А ў 2014‑м зрабіў першую ў Беларусі алатрансплантацыю лёгачнай артэрыі. Таксама ён з’яўляецца чальцом Савета Рэспублікі ад Брэсцкай вобласці. Пасля выбараў 2020 года яго імя было ўнесенае ў Чорную кнігу Беларусі: Карпіцкі па палітычных матывах не працягваў кантракты маладым спецыялістам.
Андрэй Шасцюк — хірург, кандыдат медыцынскіх навук. На яго рахунку — каля 200 аперацый на год і шэсць патэнтаў.
Афіцыйна арышт медыкаў пакуль не пацверджаны.