"Спроба схаваць нежаданне ўдзельнічаць у канкурэнтных выбарах" — Брухан
Арцём Брухан / Еўрарадыё
Спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан пракаментаваў Еўрарадыё заявы Уладзіміра Мацкевіча і Віктара Бабарыкі пра неабходнасць пераносу выбараў, а таксама Блока Пракоп'ева-Ягорава пра няўдзел у іх.
"Афіцыйных запытаў ад Віктара Бабарыкі і партыі "Разам" не было да КР, ды і неафіцыйных размоваў з імі не было", — адзначыў ён.
З Уладзімірам Мацкевічам, кажа Брухан, на гэтую тэму была невялікая размова.
"Ён казаў, што было б добра перанесці выбары, але далей за гэтую размову гэта ўсё нікуды не пайшло", — дадае спікер КР.
Таксама Брухан нагадаў, што Блок Пракоп'ева-Ягорава актыўна ўдзельнічаў у распрацоўцы палажэння аб выбарах. Тады яны маглі прапаноўваць змены, у тым ліку тыя, якія цяпер агучвае Мацкевіч, але ў выніку падтрымалі існуючае палажэнне.
"Гэта ўсё выглядае ці то як нейкі сабатаж, ці як апраўданне свайго нежадання прымаць удзел у сапраўдных рэальных канкурэнтных выбарах у КР, бо гэта прадэманструе нерэлевантнасць некаторых палітычных групаў для выбаршчыкаў.
Я ўпэўнены, што тыя партыі, тыя спісы і арганізацыі, якія ідуць на гэтыя выбары, яны ідуць працаваць са сваімі выбаршчыкамі, займацца сапраўднай палітычнай працай, а не шукаць гэтыя апраўданні, чаму яны зараз не ідуць, чаму ім не падабаецца рэгламент.
Можна пайсці на выбары, узяць большасць і змяніць рэгламент. Ніякай праблемы няма. Было б жаданне, а спосаб знойдзецца", — заяўляе Брухан.