Партыя Бабарыкі "Разам" не прыме ўдзел у выбарах у Каардынацыйную раду
Віктар Бабарыка / lookby.media
Партыя "Разам" не будзе ўдзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду. Адпаведнае рашэнне прыняў аргкамітэт партыі, паведаміў у Фэйсбуку Віктар Бабарыка.
У сваім пасце ён назваў дзве прычыны такога рашэння.
Па-першае, партыя "Разам" мяркуе, што спярша трэба "змяніць прынцыпы фармавання і ўзаемадзеяння ўсіх інстытуцыйных органаў дэмакратычных сіл у эміграцыі на падставе парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі, якія павінны забяспечваць незалежнасць, празрыстасць і падсправаздачнасць усіх гэтых інстытуцый".
Бабарыка адзначае, што яны спрабавалі з гэтай мэтай перанесці выбары на восень, але не атрымалася. Прадстаўнікі КР раней выступалі з тлумачэннямі, што такі перанос перарве пераемнасць у радзе, бо паўнамоцтвы яе дэлегатаў не разлічаныя на такое падаўжэнне.
Другой прычынай адмовы Бабарыка назваў немагчымасць "сапраўды забяспечыць эфектыўнасць КР" і, адпаведна, немэтазгоднасць дзейнасці ў яе рамках.
Пры гэтым партыя "Разам" падтрымлівае як персанальны ўдзел у выбарах сваіх прыхільнікаў, так і аб'яднанні, блізкія па мэтах і прынцыпах. У якасці такой арганізацыі называецца "Моладзевы наступ".