Фэст TUTAKA ўводзіць плату за ўваход
Фэст TUTAKA
Фэст TUTAKA, які стаў пераемнікам "Басовішча" і штогод праходзіць у Польшчы каля мяжы з Беларуссю, сёлета ўпершыню ўводзіць платны ўваход. Такая інфармацыя з'явілася ў сацсетках праекта, заўважыла выданне "Зеркало".
Сёлета оўпэн-эйр пройдзе з 16 па 19 ліпеня. Квіток будзе дзейны на ўсе дні фэсту, і яго кошт не залежыць ад колькасці дзён.
Дзецям да шасці гадоў уключна квіток не патрэбны, за размяшчэнне ў кемпінгу таксама плаціць не трэба. Для дзяцей ад 7 да 13 гадоў квіток будзе каштаваць 30 злотых (каля 23 рублёў), а месца ў ціхім ці шумным намётавым мястэчку — яшчэ 50 злотых (40 рублёў). Выніковая сума складзе 80 злотых (63 рублі).
Квіток для моладзі (14-24 гады) абыйдзецца ў 80 злотых (63 рублі). За начлег давядзецца заплаціць 100 злотых (80 рублёў). Агулам за ўсе дні атрымаецца 180 злотых (143 рублі).
Квіток для дарослых наведвальнікаў (25-63 гады) будзе каштаваць 150 злотых (118 рублёў). Месца ў намётавым мястэчку павялічыць цану да 250 злотых (амаль 200 рублёў).
Людзям, старэйшым за 64 гады, давядзецца заплаціць 100 злотых за канцэрт і столькі ж за месца ў кемпінгу (агулам 200 злотых, або амаль 160 рублёў).
Дырэктар Фонду TUTAKA Павел Станкевіч растлумачыў, чаму вырашылі браць грошы за ўваход:
"Фестываль вырас, гэта азначае, што ўжо проста няма магчымасці далей цягнуць бясплатны фармат. Але гэта таксама частка працэсу. Мы хочам рабіць фестываль разам з аўдыторыяй. І гэты квіток лічым грамадскім укладам. Таму што фестываль — гэта тры дні розных іншых падзей: канцэртаў, дыскусій, лекцый. Кошт сімвалічны. Калі ўзяць любы іншы фестываль падобнага маштабу, то акажацца, што кошт аднаго канцэрту супастаўны з сумай, якую чалавек марнуе за вечар у горадзе".
Таксама Станкевіч адзначае, што фэст моцна залежаў ад спонсараў, пакуль праходзіў бясплатна. Сёлета яны таксама ёсць, але для большай фінансавай устойлівасці было вырашана ўвесці плату за ўваход: "Фестывалю пяць гадоў, і штогод мы яго цягнулі ў вельмі цяжкіх умовах. Я не скажу, што цяпер з-за квіткоў нам будзе моцна лягчэй, але гэта магчымасць рэальна развіваць фестываль далей. Рабіць яго яшчэ больш цікавым і зручным для людзей".
Спіс удзельнікаў арганізатар паабяцаў апублікаваць пазней. Кажа, што ўжо ёсць прынамсі шэсць беларускіх гуртоў.