Пасля вяртання з Грузіі затрыманы фатограф Аляксандр Шышко

Аляксандр Шышко

Аляксандр Шышко / Dissidentby

У красавіку 2026 года ў Нацыянальным аэрапорце Мінск быў затрыманы фатограф Аляксандр Шышко. Пра гэта піша выданне "Позірк" са спасылкай на праваабаронцу Рамана Кісляка.

"Аляксандр жыў у Тбілісі мінімум з 2022 года. Чаму ён вярнуўся ў Беларусь, сказаць складана — магчыма, сумаваў па радзіме, родных. Думаю, пралічыўся наконт рызыкі затрымання, думаў, што праскочыць", пракаментаваў Кісляк.

Паводле яго, прапагандысты сталі згадваць Шышко ў сваіх матэрыялах пасля Дня Волі 2024 года. Фатограф стаў адным з фігурантаў крымінальнай справы, якую ў Беларусі пачалі пасля гэтага святкавання, і ў яго кватэры ў Беларусі прайшоў ператрус.

Як паведамляе праваабарончая ініцыятыва Dissidentby, кватэра фатографа арыштаваная, таксама пра Шышко згадваў у сваім сюжэце прапагандыст тэлеканала АНТ Ігар Тур.

Рэжым Лукашэнкі рэгулярна пагражае крымінальным пераследам удзельнікам публічных акцый за мяжой.

У кастрычніку 2025 года паведамлялася, што па вяртанні ў Беларусь было затрымана больш за сто чалавек, аднак насамрэч лічба можа быць значна большай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.