За навучанне ў ЕГУ можа пагражаць крымінальная адказнасць — пракурор
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт / facebook.com/EHUOfficial
Навучанне ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце кваліфікуецца як крымінальнае злачынства. Пра гэта ў віцебскіх СМІ заявіў прадстаўнік абласной пракуратуры Дзмітрый Кудраўцаў, заўважылі праваабаронцы з "Віцебскай Вясны".
14 красавіка ЕГУ, размешчаны ў Вільні, быў прызнаны ў Беларусі "экстрэмісцкай арганізацыяй". Пасля гэтага кіраўніцтва ўніверсітэта заклікала студэнтаў і выкладчыкаў не ездзіць у Беларусь без пільнай неабходнасці.
У каментары гарадскому выданню "Віцьбічы" прадстаўнік пракуратуры заявіў: "Любыя фінансавыя аперацыі на адрас універсітэта, уключаючы аплату навучання, кваліфікуюцца як фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці паводле арт. 361-2 КК, і цягнуць за сабой пакаранне да 5 гадоў пазбаўлення волі. Выкладанне і працяг навучання ў ЕГУ трактуецца як удзел у экстрэмісцкім фарміраванні і цягне крымінальную адказнасць паводле артыкула 361-1 КК".