Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт прызналі ў РБ "экстрэмісцкай арганізацыяй"
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт / facebook.com/EHUOfficial
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт прызналі ў Беларусі "экстрэмісцкай арганізацыяй".
Адпаведнае рашэнне прыняў Вярхоўны суд па заяве Генеральнай пракуратуры. На тэрыторыі Беларусі забароненая дзейнасць ЕГУ, яго сімволіка і атрыбутыка.
Універсітэт стаў менавіта "арганізацыяй", а не "фармаваннем", таму працэдура і прайшла праз суд. Адрозненне ў тым, што ў "чорны спіс" трапляе не "група людзей", а юрыдычная асоба. У спіс "фармаванняў" раней ЕГУ не дадавалі.
ЕГУ — прыватны ўніверсітэт, заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе. У 2004-м улады зачынілі яго, пасля чаго ўстанова пераехала ў Вільню. Ва ўніверсітэце рыхтуюць спецыялістаў па сацыяльных навуках, а таксама — гуманітарных навуках і мастацтве.
Не толькі многія студэнты ЕГУ, але і выкладчыкі — з Беларусі. 14 кастрычніка 2020 года новы навучальны год ва ўніверсітэце адкрыла сваім выступам лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская.
Рэжым Лукашэнкі не вагаючыся надае "экстрэмісцкі" статус сваім палітычным праціўнікам ды іншадумцам.