Украіна ўзгадніла ўмовы візіту Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская і Андрэй Сібіга

Святлана Ціханоўская і Андрэй Сібіга / прэс-служба Ціханоўскай

Афіцыйны Кіеў узгадніў візіт Святланы Ціханоўскай ва Украіну. Вызначаныя канкрэтныя ўмовы і часовыя рамкі. Пра гэта ў гутарцы з выданнем "Зеркало" расказаў дыпламатычны дарадца лідаркі дэмсілаў Дзяніс Кучынскі.

На палях саміту ў Ціханоўскай адбылася сустрэча з міністрам замежных спраў Украіны Андрэем Сібігам. Паводле Кучынскага, менавіта тады атрымалася дасягнуць прагрэсу ў падрыхтоўцы яе першай паездкі ў Кіеў.

"Мы атрымалі пэўнасць аб фармаце гэтага візіту. Па меркаваннях бяспекі я не магу называць усіх дэталяў, але сапраўды лічу, што перамовы ў Арменіі з міністрам Сібігам <...> былі вельмі важнымі", — дадаў дыпламатычны дарадца.

Уладзімір Зяленскі запрасіў Святлану Ціханоўскую наведаць Кіеў у канцы студзеня 2026 года. Але візіт не адбыўся ні на Дзень Волі, ні ў гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС, хаця размовы пра яго вяліся.

У Арменіі Ціханоўская ўдзельнічала 4-5 траўня ў саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці. Паведамляецца, што яна правяла ў Ерэване больш за 20 двухбаковых сустрэч, у тым ліку з лідарамі краін Вялікай сямёркі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.