Яшчэ адзін беларускі музыка ідзе таксаваць

Павел Клышэўскі

Павел Клышэўскі / onliner.by

Яшчэ адзін беларускі музыка збіраецца працаваць у таксі. 

"Жыццё так склалася, што нашыя канцэрты забароненыя, а жыць неяк трэба. Думаю пайсці працаваць у таксі на арэнднай машыне (электра). Хлопцы, хто таксуе, раскажыце: ці ёсць сэнс, ці магчыма зарабляць? Ці на арэндзе нерэальна?" — цікавіцца ў сацсетцы Threads лідар гурта "Тяни-Толкай" Павал Клышэўскі. Ён дадае, што заробкі яму абяцаюць ад 2500 рублёў.

У каментары да яго прыйшоў Аляксей Хлястоў — яшчэ адна забароненая ў Беларусі зорка з 2000-х. Музыка паабяцаў дапамагчы Клышэўскаму з парадамі, бо мае досвед: сам ужо некалькі месяцаў працуе таксістам.

У 2023-м Клышэўскі адкрыў у Мінску бар, які назваў у гонар гурта — "Тяни-Толкай". Але папрацаваць бар змог толькі чатыры дні — і яго закрылі. Спачатку сілавікі намякалі, што ўстанова замовіла рэкламу ў "экстрэмістаў", а потым афіцыйна патлумачылі, быццам закрылі за антысанітарыю. Пазней Клышэўскі змог аднавіць працу бара, які дзейнічаў да верасня 2025-га, пасля чаго быў прададзены.

Музыкам гурта "Тяни-Толкай" забаронена афіцйна выступаць у Беларусі, але яны арандавалі студыю, дзе запісвалі песні для прыхільнікаў. Але цяпер ЖРЭА адмовілася падаўжаць арэнду памяшкання, дзе музыкі збіраліся 14 гадоў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.