У Малдове адмянілі канцэрт беларускага музыкі, які падтрымлівае вайну ва Украіне

Валерый Дзідзюля

Валерый Дзідзюля / фота з асабістага архіва музыкі

У Малдове адмянілі канцэрт беларускага музыкі-гітарыста Валерыя ДзіДзюЛі. Выступ у Кішынёве быў прызначаны на 26 лістапада. На сайтах продажу білетаў з’явілася паведамленне пра адмену канцэрта, але без тлумачэння прычыны, піша "Наша Ніва" са спасылкай на малдоўскія СМІ.

Гэтае рашэнне пракаментавалі ў МЗС Украіны і звязалі яго з намаганнямі сваіх дыпламатаў у Малдове. Украіна падзякавала малдоўскім партнёрам за праяву салідарнасці.

Украінскае МЗС заявіла, што "Расія выкарыстоўвае культуру для прасоўвання свайго ўплыву і стварэння бачнасці вяртання да "нармальнасці". У заяве ўкраінскага МЗС гаворыцца, што Расія "не павінна атрымліваць міжнародныя сцэны для адбельвання сваёй рэпутацыі, пакуль яе войска забівае ўкраінцаў, разбурае гарады і знішчае культурную спадчыну Украіны".

ДзіДзюЛя падтрымаў агрэсію Расіі ва Украіну і неаднаразова выступаў у акупаваным Крыме. У студзені 2023-га ён трапіў пад персанальныя ўкраінскія санкцыі на дзесяць гадоў.

У студзені 2025-га артыст выступаў у Гродне на "Марафоне адзінства", зладжаным у падтрымку Лукашэнкі. Беларусь ён тады ахарактарызаваў як "выспачку нармальнасці, стабільнасці і мірнасці, дабра і дабрабыту".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.