У Берліне на 9 траўня забаранілі партрэт Лукашэнкі
Аляксандр Лукашэнка / EPA
Улады Берліна зноў увялі забарону на савецкую сімволіку 8 і 9 траўня. Таксама забароненыя сцяг Беларусі і партрэт Лукашэнкі, перадае DW. Прычынай забаронай стала вайна Расіі супраць Украіны.
Забарона будзе дзейнічаць каля трох савецкіх вайсковых мемарыялаў у Трэптаў-парку, Тыргартэне і Шанхольцэр-Хайдэ, а таксама на прылеглых да іх зонах.
Пад забарону трапілі вайсковая форма і знакі адрознення, дэманстрацыя літар Z і V, георгіеўскія стужкі, сцягі і прадметы з расійскай сімволікай, сцягі СССР, Беларусі, Чачэнскай рэспублікі і партрэты іх кіраўнікоў, а таксама выявы Украіны без уліку акупаваных тэрыторый. Таксама забароненыя расійскія вайсковыя і маршавыя песні (у тым ліку ўсе варыянты "Свяшчэннай вайны") і любыя дзеянні, якія праслаўляюць вайну Расіі супраць Украіны.
Пры гэтым ёсць і выключэнні. Ветэранам Другой сусветнай вайны дазволілі насіць вайсковую форму, знакі адрознення і георгіеўскія стужкі. Таксама сцягі і стужкі дазволеныя ў складзе вянкоў і кветкавых кошыкаў, што ўскладаюцца да мемарыялаў. Не трапяць пад дзеянне забароны дыпламатычныя дэлегацыі ды іншыя асобы, якія карыстаюцца прывілеямі.