Кіраўнікоў студыі ZROBIM architects падазраюць у выплаце заробкаў "у канвертах"

Андрэй Макоўскі

Андрэй Макоўскі / СТБ

Архітэктурную студыю ZROBIM architects вінавацяць у выплаце "шэрых" заробкаў і абыходзе падаткаў. Пра гэта паведамілі ў сюжэце на дзяржаўным тэлеканале СТБ.

"Праведзеным комплексам аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў устаноўлена, што значная частка выручкі, атрыманая ад аказання паслуг, не адбівалася ў бухгалтарскім уліку арганізацыі. Каб не пакідаць слядоў, службовыя асобы асабіста дамаўляліся з заказчыкамі паслуг аб правядзенні аплат як наяўнымі грашовымі сродкамі, так і з выкарыстаннем крыптавалюты. Пры гэтым кашалькі ствараліся фігурантамі на біржах, якія афіцыйна не зарэгістраваныя ў Рэспубліцы Беларусь", — заявілі прадстаўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК па Мінскай вобласці і Мінску.

У сюжэце паведамілі, што супрацоўнікі бюро атрымлівалі "ў канвертах" не менш за 60% ад усіх заробкаў.

Сузаснавальнік студыі Андрэй Макоўскі (Андрусь Bezdar) цяпер знаходзіцца пад следствам. Другі сузаснавальнік Аляксей Караблёў жыве ў ЗША.

У Дзяржкантролі кажуць, што з 2021 па 2025 год кампанія атрымала 6 мільёнаў долараў няўлічанага прыбытку. Сукупную шкоду бюджэту краіны ацанілі ў больш як 5 мільёнаў рублёў.

Як паведамлялася раней, 9 і 10 красавіка ў офісе ZROBIM architects адбыліся ператрусы і затрыманні. Былі затрыманыя ўсе супрацоўнікі кампаніі, большасць пазней адпусцілі. Цяпер архітэктурная студыя аднавіла сваю працу.

Сілавікі ў сваім канале звязвалі ператрусы з пастом Макоўскага ў сацсетках. Кіраўнік архітэктурнай студыі абураўся, што чыноўнікі патрабуюць наняць ідэолага ў штат прыватнай фірмы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.