Украінцу пасля беларускай калоніі і мабілізацыі дыягнаставалі псіхалагічнае расстройства
Аляксандр Катовіч падчас навучання, пасля мабілізацыі ў войска / Euroradio
У былога палітвязня Аляксандра Катовіча, які правёў больш за два гады ў шклоўскай калоніі за праўкраінскую пазіцыю, а пасля дэпартацыі ва Украіну быў мабілізаваны на фронт, выявіліся праблемы са здароўем.
Як распавёў Еўрарадыё сам Катовіч, знаходзячыся на вайсковым навучанні яго абследваў псіхіятар ад Міністэрства аховы здароўя, які выявіў у яго трывожна-дэпрэсіўнае расстройства з інсамнічным кампанентам (F41.2).
Трэба адзначыць, што адразу пасля вызвалення з турмы у лістападзе 2025 года ў Катовіча дыягнаставалі посттраўматычны стрэсавы разлад і рэкамендавалі прайсці медыка-псіхалагічную рэабілітацыю. Гэта дакумент ёсць у распараджэнні рэдакцыі. Раней пра гэта былы палітвязень распавядаў у размове з Еўрарадыё, яшчэ да моманту сваёй мабілізацыі.
Што значыць гэты дыягназ
Трывожна-дэпрэсіўнае расстройства з інсамнічным кампанентам (F41.2) — гэта дыягназ паводле ICD-10 (Міжнародная класіфікацыя хвароб), пры якім у чалавека адначасова прысутнічаюць сімптомы трывогі і дэпрэсіі, але ні адзін з іх не дасягае ўзроўню асобнага паўнацэннага расстройства.
Характэрныя праявы: трывога, напружанне, прыгнечаны настрой, безнадзейнасць, зніжэнне цікавасці да жыцця, а таксама парушэнні сну (цяжкасці з засынаннем, неспакойны сон, раннія абуджэнні). Гэты стан значна пагаршае якасць жыцця.
Хоць дыягназ сам па сабе не з’яўляецца небяспечным для жыцця, без лячэння ўсё можа прыводзіць да сур’ёзных ускладненняў: пераход у цяжкія формы дэпрэсіі або трывогі, хранічная інсомнія (расстройства сну), зніжэнне працаздольнасці, сацыяльная ізаляцыя і павышэнне рызыкі суіцыдальных думак.
Інсамнічны кампанент узмацняе стамляльнасць, раздражняльнасць і цяжкасці з канцэнтрацыяй увагі. Прыблізна ў палове выпадкаў сімптомы могуць знікнуць самастойна, але калі гэтага не адбываецца, то яны захоўваюцца або пагаршаюцца.
Ранні зварот да псіхіятра або лекара агульнай практыкі дазваляе прадухіліць ускладненні.
“Зафіксаваны стан кажа пра высокую небяспеку”
Па дадатковую кансультацыю па пытанні, ці можна служыць з такім дыягназам, Еўрарадыё звярнулася да практыкуючага клінічнага псіхолага Ліліі Хедзінай.
Суразмоўніца звярнула ўвагу, што варта аналізаваць не толькі дыягназ псіхолага, але і мець на ўвазе папярэднія дыягназы, зафіксаваныя ў медыцынскай дакументацыі Кіеўскай абласной клінічнай бальніцы. Гаворка ідзе пра цяжкасці ў адаптацыі і посттраўматычнае стрэсавае расстройства (ПТСР).
“У сітуацыі вострага стрэсу кагнітыўныя функцыі, якія ўжо зніжаны, могуць яшчэ больш пагаршацца. У такіх умовах прыярытэт у рэгуляцыі паводзін пераходзіць ад кары галаўнога мозга да лімбічнай сістэмы, якая адказвае за базавыя абарончыя рэакцыі: “бі”, “бяжы” або “замры”. Гэта азначае, што паводзіны чалавека становяцца менш прадказальнымі і менш кантраляванымі”.
У выніку немагчыма дакладна прагназаваць, як чалавек будзе паводзіць сябе ў сітуацыі непасрэднай небяспекі. Ён можа ўяўляць пагрозу як для самога сябе, так і для навакольных, у тым ліку для сваіх жа таварышаў. Пры гэтым гаворка ідзе не пра канкрэтную асобу, а пра любога чалавека ў падобным псіхічным стане.