Беларускія спецслужбы актывізавалі дзейнасць супраць Польшчы — ABW

Байцы ABW, ілюстрацыйнае фота

Байцы ABW, ілюстрацыйнае фота

Беларускія спецслужбы апошнімі гадамі актывізавалі сваю дзейнасць у Польшчы. Пра гэта гаворыцца ў апублікаванай справаздачы Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW).

Толькі за 2024-2025 гады ў Польшчы пачалі 69 расследаванняў разведвальнай дзейнасці расійскіх і беларускіх спецслужбаў. Гэта столькі ж, як і за папярэднія тры дзесяцігоддзі. Быў затрыманы 91 чалавек, падазраваны ў працы на расійскія і беларускія спецслужбы. Паміж 1991 і 2023 гадамі фіксавалася максімум пяць такіх выпадкаў у год.

Галоўнай мэтай беларускіх спецслужбаў з'яўляецца абарона рэжыму Лукашэнкі, таму найбольш актыўна яны працуюць па засылцы агентаў і дэзарганізацыі беларускай апазіцыі, якая знаходзіцца ў Польшчы.

Пры гэтым беларуская вайсковая разведка інтэнсіўна збірае інфармацыю пра вайсковыя аб'екты Польшчы і яе саюзнікаў, а таксама пра крытычную інфраструктуру. Беларуская разведка шчыльна супрацоўнічае з расійскай, асабліва пасля нападу Расіі на Украіну.

Беларускія спецслужбы шантажом вярбуюць суайчыннікаў, якіх накіроўваюць у Польшчу. Таксама яны спрабуюць вербаваць грамадзян Польшчы, якія рэгулярна наведваюць Беларусь, і "інфільтруюць польскую меншасць".

Сярод іншых пагроз для бяспекі польшчы ABW называе хакерскія групы. У прыватнасці, згадваецца група UNC1151, якая, на думку польскай спецслужбы, звязаная з беларускім дзяржапаратам. Хакеры спрабуюць атрымліваць стратэгічныя разведданыя, праводзіць аперацыі ўплыву, а таксама займаюцца дэзінфармацыйнай дзейнасцю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.