Мінск хоча абмяняць затрыманую беларускую шпіёнку — Украіна
Іна Кардаш / lookby.media
Беларусь хоча абмяняць затрыманую ва Украіне журналістку Іну Кардаш, якую падазраюць у шпіянажы. "Такі сігнал [з беларускага боку] быў, — кажа кіраўнік сакратарыята Каардынацыйнага штаба па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі Багдан Ахрыменка. — Але акрамя размоваў пакуль нічога няма".
"Мы адкрытыя да прапановаў. Нам нецікава трымаць у сябе злачынцаў-іншаземцаў, марнаваць на іх бюджэтныя сродкі ў той час, калі нашыя незаконна асуджаныя грамадзяне знаходзяцца за кратамі ў бесчалавечных умовах. Калі ў камунікацыі будуць практычныя прапановы, мы будзем іх разглядаць", — цытуе ягоныя словы hromadske.ua.
Паводле Ахрыменкі, беларускі рэжым працягвае ўтрымліваць у зняволенні некалькіх грамадзянаў Украіны: "Мы ведаем і памятаем пра кожнага з іх. Перамовы вядуцца".
Таксама ён расказаў, што для беларускай шпіёнкі ўкраінскія разведчыкі стварылі псеўдапрацоўнае месца нібыта пры Каардынацыйным штабе. "Яна не мела доступу да памяшканняў Каардынацыйнага штаба, знаходзілася ў іншым месцы. Само памяшканне было падрыхтавана для фіксацыі ўсяго, што там адбывалася, а матэрыялы, якія ёй падавалі, не змяшчалі ніякай праўдзівай інфармацыі", — адзначае Ахрыменка.
Пра затрыманне Іны Кардаш украінскія разведчыкі паведамілі пры канцы студзеня. Яны расказалі, што жанчына працавала на Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі з 2015 года. У 2020-м яе накіравалі для агентурнай работы ва Украіну. Прыкрыццём служыла журналісцкая дзейнасць.