Затрыманая за шпіянаж на КДБ Іна Кардаш вербавала сваго мужа
Іна Кардаш на пасяджэнні Шаўчэнскаўскага райсуда Кіева / Суспільне
Беларуска Іна Кардаш, якую ва Украіне вінавацяць у шматгадовай працы на КДБ Беларусі, спрабавала завербаваць свайго мужа. Пра гэта паведаміў пракурор падчас разгляду яе справы ў Шаўчэнкаўскім райсудзе Кіева.
Раней ТСН паведамляла, быццам Кардаш выкарыстоўвала секс для вярбоўкі камандзіра баявога падраздзялення. Пры гэтым выкарыстоўвалася відэа з кватэры Кардаш, апублікаванае СБУ.
"Суспільне" адзначае, што Кардаш выйшла замуж за беларускага добраахвотніка. Ён ужо некалькі гадоў ваюе за Украіну. Менавіта гутарка з ім і трапіла на відэа. Пры гэтым фразы беларускі скампіляваныя, кантэкст размовы не да канца зразумелы.
"Ты хочаш растлумачыць мне, чалавеку з дзесяцігадовым досведам стажу ў службах, як гэта працуе? Ты хочаш мяне чамусьці павучыць? Я думаю, не варта... Табе было растлумачана, чым, як і што. Цябе ніхто ні да чаго не прымушае. Наогул. Не хочаш — не трэба... Гэта не КДБ — гэта нашмат вышэй. Ніхто мяне ў гэтым жыцці не кране. Асабіста для мяне гэта п*здец добра ... цябе ніхто не кране", — кажа на відэа беларуска.
На гэта муж ёй адказвае: "Гэта так не працуе. І ты са сваім дзесяцігадовым стажам павінна б гэта зразумець".
Суд падоўжыў арышт Кардаш да 20 красавіка. У гэты дзень заканчваецца тэрмін дасудовага расследавання. Пасля гэтага СБУ павінна ці працягнуць следства, ці накіраваць справу ў суд для разгляду па сутнасці. Кардаш пагражае ад 10 да 15 гадоў калоніі.