Муж Вольгі Харламавай заявіў пра спробы КДБ яго завербаваць

Ігар Тышкевіч

Ігар Тышкевіч

Беларускі палітычны аналітык Ігар Тышкевіч напісаў на сваёй старонцы ў Facebook, што КДБ спрабаваў завербаваць яго, выкарыстоўваючы ў якасці шантажу справу яго жонкі Вольгі Харламавай. Паводле яго слоў, жанчыну затрымалі 26 чэрвеня 2025 года, а праз дзве гадзіны папрасілі патэлефанаваць мужу. Падчас амаль трохгадзіннай размовы сілавікі спрабавалі прымусіць Тышкевіча да супрацоўніцтва, пагражаючы будучыняй жонкі і станам яе цяжкахворай маці.

Як сцвярджае аналітык, КДБ цікавіла інфармацыя пра беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны, а таксама яго кантакты ва ўкраінскай палітыцы, дзяржаўных органах і Сілах абароны. Тышкевіч заявіў, што запісаў размову і перадаў яе супрацоўнікам СБУ. Паводле яго слоў, пасля паўтара года следства Харламаву неаднаразова спрабавалі псіхалагічна зламаць.

20 лістапада Вольгу Харламаву асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачання ў дзяржаўнай здрадзе. Таксама ёй прызначылі штраф у памеры 1500 базавых велічынь — 67,5 тысячы рублёў. Тышкевіч адзначыў, што блізкія свядома не рабілі справу публічнай. Больш падрабязнасцяў ён паабяцаў паведаміць, калі ў справе будуць змены.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.