Палітвязня з Украіны, які два гады быў у калоніі ў Шклове, мабілізавалі на фронт
Аляксандр Катовіч да траплення ў беларускую турму / Асабісты архіў суразмоўцы
Жыхара Адэсы Аляксандра Катовіча, які правёў два гады, тры месяцы і 14 дзён у шклоўскай калоніі праз крытычныя каментары ў адрас беларускай улады, на радзіме мабілізівалі на фронт. Яго гісторыю мы падрабязна расказалі ў сярэдзіне студзеня гэтага года.
Пра мабілізацыю мужчына, якога вызвалілі і абмянялі з іншымі грамадзянамі Украіны ў лістападзе 2025 года, паведаміў у прыватнай размове журналісту Еўрарадыё.
Катовіч распавёў, што яго забралі ў войска 19 лютага. Гэта значыць, што ён так і не атрымаў ад украінскіх уладаў статуса пацярпелага ад палітычнага пераследу краіны-агрэсара.
Гэты статус дае грамадзянам Украіны права на медыцынскую рэабілітацыю і афіцыйную адтэрміноўку ад вайсковай службы. Катовіч патлумачыў, што ён не паспеў падаць прашэнне і зараз над яго справай працуе адвакат.