У беларускі на мяжы канфіскавалі цацачны верталёт на пульце кіравання

Верталёт, які не пусцілі ў Беларусь

Верталёт, які не пусцілі ў Беларусь / Памежны камітэт Беларусі

Гродзенскія памежнікі "прадухілілі дзве спробы ўвозу ў Беларусь забароненых прадметаў". Пра гэта паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі.

Абодва інцыдэнты адбыліся ў пункце пропуску "Брузгі" на беларуска-польскай мяжы. 29 кастрычніка мяжу праз мяжу ехала беларуска, у багажы якой знайшлі авіямадэль — цацачны верталёт на пульце кіравання. Памежнікі канфіскавалі яго і не дазволілі ўвезці ў Беларусь

Праз два дні на мяжы спынілі грамадзяніна Босніі і Герцагавіны, які перавозіў у сваім аўто дрон.

На абаіх склалі адміністрацыйныя пратаколы. Ім пагражае штраф да 1350 рублёў.

Фізічным асобам забаронены ўвоз у Беларусь беспілотнікаў і авіямадэляў. Пад забарону трапляюць і цацачныя мадэлі, якія кіруюцца праз пульт дыстанцыйнага кіравання. "Выключэннем з'яўляюцца паветраныя цацачныя шары, паветраныя змеі і цацкі, якія лятаюць без дыстанцыйнага кіравання", — патлумачылі ў Памежным камітэце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.