Ад расійскай атакі загінулі палтаўскія ратавальнікі, якія прыехалі на месца абстрэлаў
Наступствы расійскай атакі / ДСНС
У ноч на 5 траўня расійскія войскі атакавалі Палтаўшчыну ракетамі і ўдарнымі дронамі, пацэліўшы па аб'екце газаздабычы. Калі на месца маштабнага пажару прыехалі ратавальнікі, акупанты ўдарылі паўторна. Пра гэта паведамляе hromadske.ua са спасылкай на Палтаўскую адміністрацыю і МУС.
Вядома пра чатырох загінулых і 31 пацярпелага ў выніку абстрэлаў Палтаўскай вобласці. Двое загінулых — ратавальнікі: намеснік начальніка Аператыўна-каардынацыйнага цэнтра ДСНС Палтаўскай вобласці Віктар Кузьменка і пажарны-ратавальнік Дзмітрый Скрыль.
Віктар Кузьменка — Герой Украіны. Пад яго кіраўніцтвам пасля ўдару па Палтаве ў 2024 годзе было выратавана 17 чалавек. Ён удзельнічаў у больш як 50 аперацыях па ліквідацыі наступстваў абстрэлаў. Дзмітрый Скрыль адпрацаваў у ДСНС больш за 20 гадоў. Ён неаднаразова ўдзельнічаў у ліквідацыі складаных пажараў на аб'ектах нафтагазавай прамысловасці, выкліканых абстрэламі.
Траўмы атрымалі 23 ратавальнікі, прычым тры чалавекі знаходзяцца ў цяжкім стане, медыкі змагаюцца за іх жыццё.
Агулам за мінулую ноч расіяне запусцілі па Украіне 11 балістычных ракет "Іскандэр-М" і 164 ударныя беспілотнікі, паведамляе камандаванне паветраных сіл УСУ. Украінцы змаглі збіць толькі адну ракету і 149 беспілотнікаў. Восем балістычных ракет і 14 ударных дронаў пацэлілі па 14 лакацыях. Дзве балістычныя ракеты не дасягнулі мэтаў, інфармацыя ўдакладняецца.
Пад ударамі аказаліся Харкаў, Кіеўшчына, Днепрапятроўская вобласць. На чыгуначнай станцыі на Днепрапятроўшчыне быў пашкоджаны электравоз на рэйках.