У санаторыях Беларусі будуць адпачываць 200 расійскіх ветэранаў вайны супраць Украіны
Расійскія вайскоўцы ва Украіне
У 2026 годзе ў беларускіх санаторыях будуць бясплатна адпачываць 200 расійскіх вайскоўцаў, у тым ліку ўдзельнікі вайны ва Украіне. Іх прымуць на аздараўленне тры беларускія санаторыі. Фінансаваць лячэнне давядзецца ў тым ліку і беларусам, звярнула ўвагу Радыё Свабода.
Адпаведнае рашэнне было прынятае 20 сакавіка ў Маскве на пасяджэння конкурснай камісіі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. На ім вызначылі пераможцаў адкрытага тэндару на права аказання паслуг "арганізацыі санаторна-курортнага лячэння ветэранаў і інвалідаў Вялікай Айчынай вайны і баявых дзеянняў".
Радыё Свабода звяртае ўвагу, што такія пуцёўкі фінансуюцца за кошт бюджэту Саюзнай дзяржавы, які напаўняецца з бюджэтаў Беларусі і Расіі. Сёлета на гэта прадугледжана выдаткаваць 33,6 мільёна расійскіх рублёў (прыкладна 415 тысяч долараў).
У конкурсе ўдзельнічалі тры беларускія санаторыі і адзін расійскі. Камісія прыняла рашэнне выдаць 361 пуцёўку ва ўсе чатыры ўстановы, прычым у беларускія будзе выдадзеная 201 пуцёўка. У лепельскім вайсковым санаторыі будуць аздараўлівацца 155 ветэранаў, у баранавіцкім санаторыі "Чабарок" — 26, а ў мінскім санаторыі "Сасновы бор" — 20.
Раней у СМІ ўжо з'яўляліся паведамленні, што расійскія ўдзельнікі вайны супраць Украіны адпачываюць і лечацца ў беларускіх санаторыях. Паводле версіі Радыё Свабода, неўзабаве колькасць расійскіх байцоў у беларускіх санаторыях можа павялічыцца, бо ўлады РФ актыўна шукаюць розныя варыянты супрацы з беларускімі дзяржаўнымі медустановамі.